Коктыш: Расія — гэта гарант беларускай незалежнасці

120402 Koktysh_site.mp3

Еўрарадыё: Наколькі сёння можна казаць пра адзінства ў дачыненні да Беларусі і Расіі?


Кірыл Коктыш: Ну, адзінства народаў канешне ж існуе, бо па розных падліках каля мільёна беларусаў зарабляе зараз грошы ў Расіі, бо людзі не могуць рабіць гэтага ў Беларусі. У свой час у межах саюзнай дзяржавы былі падпісаныя пагадненні, якія прыраўніваюць беларусаў да расіянаў і расіянаў да беларусаў на адпаведных нацыянальных тэрыторыях, то бок гэта аднолькавыя маёмасныя правы, правы на адукацыю, на медыцынскае абслугоўванне. Гэтае пагадненне з’яўляецца ці не адзіным добра працуючым і акурат яно забяспечвае даволі шчырыя і даволі цёплыя адносіны на ўзроўні паміж народамі. Пра адносіны паміж дзяржавамі гэтага сказаць, вядома ж, нельга.

Еўрарадыё: А што можна сказаць пра адносіны паміж дзяржавамі? Як будуць развівацца адносіны паміж новаабраным Пуціным і Лукашэнкам?


Кірыл Коктыш: Яны будуць развівацца ў межах падпісанага пагаднення пра Еўразійскі Саюз і пра ЕўрАзЭС. Гэта азначае, што будуць уведзены чатыры свабоды, як у Еўрасаюзе – свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, людзей, капіталаў. І гэта азначае, што будзе стварацца адзіная рынкавая прастора, якая будзе ўключаць Беларусь, Расію і Казахстан. Развіццё даволі прадказальнае. Здаецца, што беларускае кіраўніцтва будзе не вельмі прагнуць такога ўхілу інтэграцыі, але пагадненні падпісаныя і зараз гэта будзе будаўніцтва адзінай рынкавай прасторы, больш ці менш паспяховай.

Еўрарадыё: А чаму беларускае кіраўніцтва не хоча гэтай інтэграцыі?

Кірыл Коктыш: Калі мець на ўвазе апошнюю сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным на паседжанні ЕўрАзЭС, то негатыўныя выказванні адносна будучыні ЕўрАзЭС зрабіў менавіта беларускі прэзідэнт. І адразу пасля гэтага мы атрымалі канфлікты ў галіне авіясувязі – калі Расія, базуючыся на падпісаных пагадненнях патрабавала аднолькавых умоваў для Аэрафлоту і Белавія. Тое, што супярэчыла міждзяржаўным пагадненням, але было ў поўнай згодзе з пагадненнямі, падпісанымі Лукашэнкам у межах Еўразійскага саюза. Мне здаецца, такія канфлікты будуць узнікаць, бо беларускія кампаніі, беларускія заводы ў адкрытай канкурэнцыі, не маючы дзяржаўнай падтрымкі, будуць прайграваць.

 


Расія гарант беларускай незалежнасці?

 

Еўрарадыё: Як на вашую думку будуць развівацца энергетычныя адносіны паміж нашымі краінамі?


Кірыл Коктыш: Прадаўшы Белтрансгаз, Беларусь атрымала зніжку на два гады. Два гады запар мы будзем атрымліваць найбольш танны газ у Еўропе. Потым гэтае пытанне зноў паўстане, але за гэтыя два гады Беларусь павінна прайсці шлях да паўнавартаснага будаўніцтва Еўразійскага саюза і да паўнавартаснага будаўніцтва ЕўрАзЭСа. Ад таго, ці будзе пройдзены гэты шлях, залежаць і кошты на газ. Калі гэты шлях не будзе пройдзены, то і ўсе ільготы могуць быць даволі лёгка адкліканыя, бо ўмова сённяшніх танных коштаў – падпісаныя Лукашэнкам у снежні мінулага года пагадненні.

Што ж тычыцца нафты, то казаць, што беларуская эканамічная незалежнасць базуецца на расійскай нафце – азначае прызнаць адсутнасць усялякай эканамічнай незалежнасці. Будзе шукацца баланс – або праз схемы куплі-продажу, або праз схемы ўладарства нафты. Але калі паўстае такое пытанне, галоўнае – будаўніцтва даверу паміж тым, хто пастаўляе нафту, і тым, хто яе перапрацоўвае, тады можа быць распрацаваная формула, каб задаволіць абодва бакі.

Еўрарадыё: Ці няма ў гэтым пагрозы для беларускай незалежнасці?


Кірыл Коктыш: Мне падаецца, што пагроза – у адсутнасці адносінаў даверу. У сённяшняй канфігурацыі беларускай незалежнасці без Расіі не існуе. Гэта значыць, што Расія так ці інакш з’яўляецца гарантам беларускай незалежнасці, бо калі ёй надакучыць, яна тут жа яе закрые. Справа ў тым, што Расія пабудавала абыходныя газа- і нафтапровады, яны будаваліся ад 2006 года. Не варта было даводзіць да таго, каб гэтыя абыходныя шляхі пабудаваліся, але зараз гэта ўжо спраўджаны факт і трэба проста глядзець у вочы рэальнасці.

 


Еўразійскі саюз vs Еўрапейскі саюз

 

Еўрарадыё: Вяртаючыся да Еўразійскага саюзу і інтэграцыйных планаў, ці да месца тут было б параўнанне з Еўрасаюзам, ці будзе гэты праект выгадным для Беларусі?


Кірыл Коктыш: Пакуль што гэты праект не распрацаваны. У сваім сённяшнім выглядзе ён мае пэўную выгаду і для Беларусі, і для Расіі, і для Казахстана. Гэтая выгада базуецца на тым меркаванні, што таваразварот паміж Азіяй і Еўразвязам складае каля 6 трыльёнаў долараў. І калі будзе прапанаваны гандлёвы шлях, альтэрнатыўны марскому, які будзе ўдвая хутчэйшым, на гэтым можна будзе зарабляць грошы і дзяліць іх паміж трыма краінамі. Гэта ідэя заробку. Астатнія рэчы накшталт будаўніцтва агульнага рынку, узгаднення каштоўнасцяў, злучэння культурнай прасторы, проста не закранутыя, пра іх ніхто нават не думаў. А ў гэтым могуць базавацца куды большыя грошы, чым у паслугах транзіту. Але пакуль расійскія, казахстанскія і беларускія эліты думаюць толькі пра транзіт і іншага напаўнення Еўразійскага саюза няма.

Еўрарадыё: Есць яшчэ такое пытанне як цэнтр прыняцця рашэнняў. Ці будзе тут Еўразійскі саюз настолькі ж дэмакратычным яе Еўрасаюз?


Кірыл Коктыш: Еўрасаюз праходзіў шлях ад Еўрапейскае аб’яднанне вугля і сталі да стварэння еўрапейскіх наднацыянальных органаў каля сарака гадоў. Я ўпэўнены што Еўразійскі саюз будзе развівацца хутчэй. Па-першае, размова ідзе пра будаўніцтва агульнага рынку, па якім могуць перасоўвацца тавары, людзі. Значыць гэта будзе зачыненая ці паўзачыненая ад знешняга свету прастора унутранай канкурэнцыі, дзе неабавязкова канкураваць з усім светам. Перш чым казаць пра наднацыянальныя органы, трэба проста даць гэтай прасторы адбыцца, нейкім суб’ектам канкурэнцыі адчуць сваю моц – гэтаксама кожная краіна, што ўваходзіла ў Еўрасаюз альбо губляла сваю прамысловасць, альбо даказвала, што яе прамысловасць чагосьці вартая. У Еўразійскім саюзе  ўмовы будуць крыху мякчэйшыя. Толькі пасля гэтага можа ісці размова пра нейкія наднацыянальныя органы, але сёння гаворкі і думкі ў нацыянальных эліт пра гэта няма. Пры тым, што калі ўвосень прыйдзе другая хваля крызісу, усе пра гэта ўзгадаюць.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, інтэграцыйныя працэсы, што цяпер прапануюцца, ці добрыя яны для Беларусі?


Кірыл Коктыш: Існуе вельмі просты адказ. Якасць жыцця залежыць ад таго ўзроўню размеркавання працы, у які ўцягнутая краіна. Маючы насельніцтва менш за 10 мільёнаў чалавек, пры такім размеркаванні працы, Беларусь можа разлічваць уласнымі сіламі на ўзровень жыцця сярэдзіны 19-га стагоддзя. Калі казаць пра сённяшнія стандарты, краіна павінна быць уключаная ў размеркаванне працы прыкладна на 300 мільёнаў чалавек. Еўразійскі саюз да гэтага не дацягвае, Еўрапейскі саюз дацягвае. У межах таго ж Еўразійскака саюза якасць жыцця худа-бедна але можа быць гарантавана на ўзроўні 60-70-х гадоў ХХ-га стагоддзя. Магчыма гэта будзе таксама нейкі рэсурс узросту, бо іншыя ўсходненеўрапейскія краіны таксама будуць шукаць для сябе менш канкурэнтныя рынкі, чым еўрапейскі. Так што тут пэўныя перспектывы, вядома, ёсць. Сказаць, што гэта добра, можна будзе, калі магчымасці будуць выкарыстаныя. Кепска будзе, калі гэтыя магчымасці пройдуць міма. І вядома, будзе кепска калі гэта будзе толькі гульня эліт, якая ніяк не закране якасць жыцця грамадства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі