Кітай і ЗША абмяняліся новымі пошлінамі
Кітай збіраецца ўзняць пошліны на амерыканскія імпартныя тавары агульным аб’ёмам у 75 мільярдаў долараў. Прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональд Трамп абвясціў, што ЗША адкажуць тым самым, паведамляе ВВС.
Пад дзеянне новых тарываў велічынёй ад 5 да 10 адсоткаў трапяць болей за 5 тысяч найменняў амерыканскіх тавараў, у тым ліку сырая нафта, сельскагаспадарчыя тавары і невялікія самалёты.
Кітай таксама мае аднавіць 25-адсоткавы тарыф на амерыканскія аўтамабілі, які быў прыпынены ў пачатку года ў якасці жэсту добрай волі.
Такім чынам Кітай зрэагаваў на планы Дональда Трампа ўзняць на 10% тарыфы на кітайскія тавары на агульную суму 300 мільярдаў долараў.
Трамп заклікае амерыканскія кампаніі шукаць альтэрнатывы кітайскаму рынку, вяртаць вытворчасць дадому і выпускаць тавары ў ЗША. Ён абвясціў, што група тавараў з Кітая будзе абкладацца тарыфам не ў 10%, як раней планавалася, а ў 15%.
Тым часам кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Джэром Паўэл нядаўна папярэдзіў, што напружанне ў гандлёвых адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам запавольвае сусветную эканоміку. Трамп наадварот мяркуе, што амерыканская эканоміка знаходзіцца “у добрай форме”: яна моцная, з ёй усё ў парадку.