Кіроўцу маршруткі Гродна-Мінск, якая трапіла ў ДТЗ, узялі пад варту

Кіроўцу маршруткі Гродна-Мінск, якая трапіла ў ДТЗ, узялі пад варту

Кіроўцу маршруткі, якая ўвечары 18 кастрычніка ўрэзалася ў раздзяляльную бетонную агароджу ў Валожынскім раёне, узялі пад варту. Пра гэта заявіла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, перадае БЕЛТА.

Мужчыну выставілі абвінавачванне ў парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек.

Па словах Ганчаровай, кіроўца маршруткі зранку 18 кастрычніка ехаў па гэтай трасе з Гродна ў Мінск і ведаў, што на ўчастку дарогі пад Валожынам стаіць бетонная агароджа. Паводле папярэдняй версіі, прычынай ДТЗ стала перавышэнне хуткасці.

Як паведамлялася раней, пры аўтаварыі загінулі два чалавекі — 66-гадовая жанчына памерла на месцы, 71-гадовы мужчына — у лякарні. Кіроўца і 13 астатніх пасажыраў маршруткі былі шпіталізаваныя, у іх ліку — 11-гадовая і 5-гадовая дзяўчынкі. Пяцёра чалавек трапілі ў рэанімацыю.

Паведамляецца, што ДТЗ адбылося на асветленым участку дарогі, дзе ідуць рамонтныя работы і прызначанае абмежаванне хуткасці ў 50 км/гадз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі