Кіраўнік Саюза кінематаграфістаў прабыў на сваёй пасадзе толькі тры дні

Новы выканаўца абавязкаў кінематаграфічнага саюза прабыў на пасадзе толькі… тры з паловай дні. Пра гэта паведамляе сайт "Беларускі партызан".  Ранейшы кіраўнік Саюза кінематаграфістаў рэжысёр Юры Цвяткоў у канцы верасня напісаў заяву аб сыходзе па стане здароўя. Планавалася, што новага кіраўніка арганізацыі абяруць на з'ездзе кінематаграфістаў, аднак мерапрыемства сарвалося — не было кворуму.

Тады праўленне Саюза кінематаграфістаў таемным галасаваннем абрала выканаўцу абавязкаў старшыні — вядучага Першага нацыянальнага тэлеканала, сцэнарыста і рэжысёра Сяргея Кацьера.

Аднак ужо праз два дні ў калякіношных колах загаварылі, што Кацьер перадумаў кіраваць арганізацыяй. "Беларускі партызан" паведамляе, нібы Кацьера запрашаў на гутарку міністр культуры Ўладзімір Мацвяйчук, якога задавальняла гэтая кандыдатура на пасадзе старшыні Саюза кінематаграфістаў. Аднак Кацьер усё роўна адмовіўся, спаслаўшыся на вялікую занятасць на тэлебачанні.

Нагадаем, што ў розныя часы Беларускі саюз кінематаграфістаў узначальвалі такія вядомыя асобы, як Ігар Воўчак, Вячаслаў Нікіфараў, Юры Марухін, Аляксандр Яфрэмаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі