Вы тут

Кіраўніцтва завода АКБ падало ў міліцыю на праціўнікаў будаўніцтва

Акумулятарны завод у Брэсце / b-g.by

Кіраўніцтва акумулятарнага завода "АйПауэр" 10 снежня падала заяву ў міліцыю, піша "Брестская газета". У звароце звяртаецца ўвага, што "на платформе MolaMola невядомымі асобамі ажыццяўляецца збор грашовых сродкаў нібыта з мэтай правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы ТАА "АйПауэр". 

Гэты збор сродкаў кампанія лічыць махлярствам і просіць міліцыю правесці праверку, пачаць крымінальную справу, вызначыць вінаватую асобу і прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці.

Збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе, на думку адміністрацыі завода, вядзецца "шляхам падману і злоўжывання даверам". Як аргумент заяўнікі падкрэсліваюць, што прадугледжаны законам тэрмін правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы скончыўся яшчэ чатыры гады таму і яе правядзенне "ў цяперашні час немагчымае". Таксама даецца спасылка на заканадаўства, згодна з якім выдаткі на такую экспертызу павінны несці непасрэдна яе заяўнікі — у гэтым выпадку Дзмітрый Бекалюк і Дзям'ян Лепясевіч.

Бекалюк здзіўлены такой рэакцыяй. Па яго словах на сайце MolaMola дакладна прапісаныя і арганізатары збору грошай, і прычына збору.

"Мабыць, кіраўніцтва завода жыве ў нейкай іншай краіне, ці меркаванне па гэтым пытанні і даручэнне кіраўніка дзяржавы для іх не ўказ і не кіраўніцтва да дзеяння. Яны спасылаюцца на заканадаўства, згодна з якім выдаткі на правядзенне такой экспертызы павінны несці непасрэдна яе ініцыятары. Усё правільна: для аплаты правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы Бекалюк і Лепясевіч і адкрылі збор сродкаў на даступнай усім грамадзянам платформе MolaMola. Ці кіраўніцтва завода лічыць, што Бекалюк і Лепясевіч абавязаныя праводзіць гэтую экспертызу за свой заробак? У законе гэтага няма. Хоць у кіраўніцтва завода, відаць, свае законы", — каментуе актывіст.

Дарэчы, ужо 30 снежня на афіцыйным сайце кампаніі 1AK-GROUP з'явілася паведамленне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы праекта акумулятарнага завода "АйПауэр". 

Супрацьстаянне брастаўчан і кампаніі "АйПаўэр" цягнулася амаль два гады. Грамадскія актывісты здолелі перамагчы фірму, якая будавала акумулятарны завод на ўскрайку Брэста. У падтрымку гараджан выказваўся нават Аляксандр Лукашэнка. Перад Новым годам стала вядома, што прадпрыемства закансервуюць — на невядомы тэрмін. 

Напрыканцы кастрычніка брастаўчане выступілі з ініцыятывай правядзення сваёй экалагічнай экспертызы. Пра тое, што гараджане маюць такое права на пачатку верасня заяўляў кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.