К.Графі: Для дэмакратыі мала кантактаў толькі паміж дыпламатамі і ўрадамі

У 80-я гады, падчас халоднай вайны, вельмі моднай была гаворка пра народную дыпламатыю. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што цяпер свет на парозе новай халоднай вайны. Мяне завуць Мара Нальшанская, а відавочца гэтага тыдня Колін Графі -- намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадскай дыпламатыі, з якой мы размаўляем пра ролю грамадскай дыпламатыі ў цяпершаней сітуацыі, пра вонкавы імідж краінаў, пра беларускія выбары і вызваленне палітвязняў. ЕРБ: Перш за ўсё, распавядзіце пра сябе ў трох словах. Чым вы займаецеся?

Колін Граффі (К.Г.): Мая задача як намесніцы памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадскай дыпламатыі - знайсці спосабы для ўраду ЗША камунікаваць з народамі іншых краінаў. Мы бачым грамадскую дыпламатыю як мастацтва данесці вартасці краіны, нашую культуру і палітыку народу іншай краіны. У дэмакратыі не дастаткова абмежавацца кантактамі і прыняццямі рашэнняў толькі на ўзроўні дыпламатыі і ўрадаў. Таму што ў аснове - жаданне людзей, чаго яны хочуць у будучыні. Такім чынам, грамадская дыпламатыя важная таму, што народ краіны таксама мусіць разумець, якая палітыка ў краіны і ў якім кірунку краіна рухаецца.

ЕРБ: А ці магчымыя такія дыпламатычныя кантакты з краінамі з дыктатарскім стылем кіравання, такімі як Беларусь?

К.Г.: Як вы ведаеце, мы прыхільнікі дэмакратычнай будучыні Беларусі. І мы вельмі радыя, што існуе незалежная прэса, такая як вашая радыёстанцыя, якую мы лічым вельмі важным шляхам камунікацыі з народам Беларусі.

ЕРБ: У кантэксце той складанай сітуацыі, якая склалася ў свеце - я маю на ўвазе канфлікт у Паўднёвай Асеціі і Грузіі - якую ролю адыгрываюць ва ўсім гэтым Штаты і якую ролю Вы бачыце для Беларусі? Ці можам мы выступіць, напрыклад, у якасці пасярэдніка паміж Захадам і Усходам?

К.Г.: Адная з тых рэчаў, якія я ўсвядоміла падчас майго візіта ў Грузію - гэта важнасць дыпламатыі на ўзроўні народаў. І я ведаю, што ў Амерыку прыязджала група беларускіх студэнтаў, 45 чалавек, па Моладзевым культурніцкім абмене. Яны ездзілі ў Дыснэй-лэнд, яны былі на парадзе 4 ліпеня, яны ездзілі ў Галівуд. Я пераканалася, што для таго, каб краіны маглі інтэгравацца і прадухіляць войны, вельмі важна, каб у людзей было глабальнае разуменне свету, каб яны мелі магчымасць падарожнічаць і атрымоўваць новыя ідэі. Мы прывезлі джазавага піяніста ў Грузію, каб ён сустрэўся з людзьмі з Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, з самой Грузіі, і выкарысталі джаз як сродак камунікацыі. Я ведаю, што наш джазавы квартэт прыязджаў і ў Беларусь, прыязджала індзейскае трыо, ведаю, што праходзіць фестываль амерыканскага кіно. Канечне, я ведаю, што гэта не спыніць усіх канфліктаў. Але такія рэчы падаюць прыклад таго, якім людзі могуць бачыць развіццё як нацыі, так і развіццё добрасуседскіх адносінаў адзін з адным.

ЕРБ: Калі беларускі рэжым вырашыць будаваць больш шчыльнае супрацоўніцтва - у тым ліку ваеннае - з Расіяй, ці зменіцца стаўленне да нас у свеце?

К.Г: Я думаю, што добрым фокусам для Беларусі будзе знайсці шлях даць людзям магчымасць зрабіць Беларусь дэмакратычнай і накіраванай наперад краінай. На гэта зараз мусяць быць скіраваныя намаганні, таму што пасля дзеянняў Расіі ў Грузіі мы бачым, што міжнародная супольнасць вельмі моцна расчаравалася ў Расіі. Вельмі расчаравалася. І Расія зараз знаходзіцца ў ізаляцыі. Пайшлі размовы пра тое, ці мусіць Расія прымаць зімовыя алімпійскія гульні ў 2012 годзе ў Сочы. Гучаць думкі, што гэтага нельга дазволіць! І, напэўна, народ Расіі не цешыцца з гэтай нагоды. Таму спробы факусавацца на ваенным супрацоўніцтве і пытаннях сілы - дакладна не то, што трэба рабіць, асабліва пасля падзеяў у Грузіі. Размова мусіць быць пра тое, як мы можам супрацоўнічаць для лепшага жыцця.

ЕРБ: А ці можа дыпламатыя на ўзроўні народаў быць эфектыўнай, калі, напрыклад, ёсць Расія, яе агрэсіўная палітыка ў дачыненні іншых нацыяў, якую яна не настроеная змяняць?

К.Г.: Мяркую, што так. Мы спрабуем знайсці шляхі, мы нават ужо маем шляхі камунікацыі з народам Расіі. Гэта цяжка зрабіць з дапамогай СМІ, так як і ў Беларусі, аднак мы шукаем спосабы камунікаваць з незалежнымі медыя. І проста не здавацца! Хачу адзначыць, што ў Беларусі вызваленыя тры палітвязні. Нам вельмі прыемна бачыць Аляксандра Казуліна на волі. Вольга Казуліна была ў Вашынгтоне, сустракалася з Джорджам Бушам і прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і яе пасланне было вельмі выразнае: ніводная нацыя не мае права саджаць людзей таму, што яны шукаюць лепшай будучыні для сваёй краіны. Як вы ведаеце, намеснік памочніка Дзяржсакратара Дэвід Мэркель, а да яго Дэвід Крэмер самааддана рабілі ўсё, што могуць, каб дапамагчы дэмакратыі, вольнай прэсе, незалежнай журналістыцы ў Беларусі.

ЕРБ: Самі былыя палітвязні скептычна ставяцца да свайго вызвалення і заклікаюць Захад не рабіць паспешлівых высноваў аб дэмакратызацыі ў Беларусі. Для вас вызваленне палітвязняў - гэта сапраўдная змена палітычнай сітуацыі ў Беларусі ці проста спробы Лукашэнкі гандлявацца з Захадам напярэдадні выбараў?

К.Г.: Вызваленне палітвязняў - гэта важны сігнал, важны сімвал накірунку, у якім, мы спадзяемся, ідзе Беларусь. Аднак сапраўды важным будзе тое, што адбудзецца на выбарах. Нам вельмі цікава пабачыць, ці палепшыцца сітуацыя з выбарамі зараз у параўнанні да мінулых выбараў. Мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі вольнымі, справядлівымі, каб людзі маглі прагаласаваць за кандыдата, якога выбралі. Сігналы паляпшэння ёсць, аднак мы мусім пабачыць цвёрды прыклад вольных СМІ, а таксама таго, што людзі могуць выказваць сваё меркаванне наконт таго, каго яны хочуць бачыць у якасці свайго лідэра.

ЕРБ: А як вы збіраецеся праверыць, ці былі выбары сумленнымі і справядлівымі?

К.Г.: Мы шукаем магчымасці, каб міжнародная супольнасць магла правесці свае маніторынгі, і я спадзяюся, што ў нас атрымаецца гэта арганізаваць. Да таго ж ЗША выдаткоўваюць каля трох мільёнаў даляраў на незалежныя СМІ і, магчыма, менавіта яны змогуць адыграць значную ролю ў маніторынгу выбараў.

ЕРБ: А як адрэагуюць Злучаныя Штаты, калі дэмакратычныя сілы ў Беларусі вырашаць байкатаваць выбары?


К.Г.: Гэта рашэнне цалкам належыць самім беларусам. У мяне на гэты конт няма каментароў.

ЕРБ: Як на ваш погляд, пасля вызвалення палітвязняў і, магчыма, пасля выбараў ці вырашыцца нейкім чынам дыпламатычны крызіс паміж Беларуссю і Штатамі? Магчыма, амбасада пачне працаваць у нармальным рэжыме?

К.Г.: Як вы сказалі, мы мусім бачыць дакладныя знакі таго, што краіна адкрываецца. Шмат людзей былі занепакоеныя скарачэннем штату нашай амбасады. Але як сказала дзяржасакратар Кандаліза Райс, амерыканскі сцяг працягвае лунаць над амбасадай Злучаных Штатаў, таму што мы клапоцімся пра людзей. І нават зараз, калі нам скарацілі штат, мы ўсё роўна там з рознымі культурнымі праграмамі, праграмамі падтрымкі незалежных СМІ і дэмакратыі, каб паказаць, што нас можна скараціць, але мы ўсё роўна там для людзей.

ЕРБ: Наколькі я ведаю, вы чыталі лекцыі па паляпшэнні іміджу ЗША за мяжой. Якімі, на ваш погляд, бачаць Штаты замежнікі сёння?

К.Г.: Цікавае пытанне, таму што вялікую частку майго жыцця я правяла ў Лондане і таму я прызвычаілася бачыць Амерыку вачыма замежнікаў. Амерыка - гэта шмат рознага для розных людзей: гэта і галівудскія фільмы, гэта тое, што яны бачаць па тэлевізары, на CNN, гэта кнігі, якія яны чытаюць, ад Марка Твэна да Робэрта Фроста, і гэта стварае ў іх уяўленні аб Амерыцы. Але лепшы варыянт, канечне, гэта калі вы можаце прыехаць і паглядзець. Мы вітаем жаданне людзей прыязджаць у Амерыку. Я ведаю, што, напрыклад, беларускія студэнты былі на нашай праграме Трансатлантычнага партнёрства імя Бэна Франкліна. Я сустракалася з гэтымі студэнтамі. Яны мелі цудоўную магчымасць спазнаць Злучаныя Штаты. Яны жылі ў амерыканскіх сем'ях і змаглі адчуць на сабе, што такое жыць у амерыканскім доме. І гэта самы лепшы шлях зразумець краіну. Лепш, чым кнігі, чым фільмы. Прыязджайце і адкрывайце Амерыку самі.

ЕРБ: А які імідж у Беларусі ў вачах амерыканцаў?

К.Г.: На жаль, успрыманне Беларусі вельмі моцна абумоўленае цяперашнім рэжымам. Ёсць разуменне, што народ хоча чагосьці іншага, ёсць пачуццё занепакоенасці тым, як мы можам дапамагчы зрабіць гэта магчымым.

ЕРБ: Як вы ведаеце, Лукашэнка падпісаў кантракт з ангельскім піяршчыкам лордам Бэлам, які мусіць палепшыць наш вонкавы імідж. Ці атрымаецца гэта ў ангельскага адмыслоўца?

К.Г.: Такія рэчы заўжды мусяць успрымацца, як мы кажам, з доляй скептыцызму. Таму што сутнасць заўжды выйдзе на паверхню. Ёсць некаторыя рэчы, якія можа зрабіць піяр, аднак сутнасць рэчаіснасці ён памяняць не можа. Шматлікія людзі пытаюцца, а ці грамадская дыпламатыя - гэта не той жа самы піяр? Не, гэта розныя рэчы, таму што піяр - гэта толькі адзін шлях. Мы кажам толькі пра імідж. А грамадская дыпламатыя - гэта два шляхі. Гэта не толькі прэзентацыя чагосьці, гэта таксама дыялог з людзьмі, гэта зваротная сувязь і іх разуменне, як яны бачаць вашую краіну, палітыку, культуру, каштоўнасці. Гэта двухбаковая рэч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі