Вы тут

КДБ затрымаў былога начальніка службы аховы Лукашэнкі

Андрэй Уцюрын / БЕЛТА

Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў Андрэя Уцюрына — намесніка кіраўніка Савета бяспекі, былога начальніка службы аховы Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша "Наша Ніва". На сайце КДБ паведамлення пра затрыманне няма.

У прэс-службе КДБ журналісту Еўрарадыё на гэты конт адказалі лаканічна: "Без каментароў". 

Ускосным пацвярджэннем затрымання Андрэя Уцюрына можа быць тое, што яго сын Антон выдаліў свой акаўнт у твітары пасля навінаў пра затрыманне бацькі.

Паводле звестак журналістаў, на Уцюрына пачалі крымінальную справу, ягоны катэдж у Драздах-2 апячатаны. Неафіцыйныя крыніцы кажуць, што затрыманне высокапастаўленага сілавіка адбылося тыдзень таму. Нібыта, справа звязаная з хабарам.

Паводле звестак блогера NEXTA, гаворка ідзе пра суму ў 150 тысяч долараў. 

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню МУС Расіі, а ў 2002-м — Акадэмію МУС Беларусі. У 1995 годзе пайшоў у Службу бяспекі прэзідэнта і ў 2007-м даслужыўся да начальніка ведамства. У 2014 годзе стаў намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі.

Мае дзяржаўныя ўзнагароды — ордэны "За бездакорную службу" і "За службу Радзіме".