Казахскую моладзь тысячамі пасылаюць навучацца ў Гарвард ды Оксфард

"Уцечка мазгоў" — вялікая праблема не толькі для Беларусі, але і для многіх постсавецкіх краін. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як змагаюцца з гэтай праблемай у далёкім Казахстане. Аказалася, што маладыя спецыялісты там вымушаныя закладаць свае кватэры.
"У нас ёсць прэзідэнцкая праграма "Балашат". Праграма прэзідэнта Назарбаева

— гэта яго асабістая стыпендыя! Тры тысячы грамадзян мы штогод па ёй адпраўляем", — распавялі Еўрарадыё ў Міністэрстве адукацыі Казахстана.


Такім чынам, каб выхаваць адукаваных спецыялістаў для сваёй краіны, фонд прэзідэнта аплачвае іх адукацыю за мяжой. Атрымаць стыпендыю можа любы грамадзянін Казахстана незалежна ад нацыянальнасці. Так, напрыклад, у 2007 годзе па праграме "Балашат" навучаўся нават адзін беларус.

Каб атрымаць стыпендыю, трэба здаць іспыт на веданне казахскай мовы, замежнай і профільныя прадметы. Паступаць можна ў любую ВНУ, любой краіны, на любую спецыяльнасць. Так казахі вучацца ў Брытаніі, Канадзе, ЗША, Малайзіі, Нідэрландах, Новай Зеландыі, Польшчы, Ірландыі. Гэты спіс вельмі доўгі, і цалкам яго можна пабачыць на старонцы праграмы.

Бывае і такое, што пасля атрымання адукацыі маладыя людзі не вяртаюцца і застаюцца працаваць за мяжой, але гэта здараецца вельмі рэдка, кажуць у Мінадукацыі:

"Калі ездзяць тысячы грамадзян, бывае. Але адносна агульнай колькасці людзей вельмі мізэрна. Калі не вярнуўся — павінен аплаціць увесь кошт навучання. А калі не аплачвае, то спаганяецца ў судовым парадку".

Таму большасць спецыялістаў вяртаюцца ў Казахстан, каб абавязкова адпрацаваць 5 год. Інакш давядзецца аддаваць дзяржаве сваю маёмасць.

Мінадукацыі: "Абавязковая ўмова — адпрацоўка 5 гадоў. У нас калі чалавеку прысуджаецца стыпендыя, ён падпісвае дамову і закладвае сваю маёмасць. Напрыклад, калі кватэра ў чалавека закладзеная, ён не зможа не вернуцца".

А вось у Беларусі праграмаў, падобных да казахстанскай, няма. Атрымліваецца, што дзяржава не зацікаўленая ў спецыялістах з замежнай адукацыяй. Таму беларускія студэнты едуць вучыцца за мяжу сваімі намаганнямі ці па замежных праграмах, кажа палітолаг, выкладчык Алесь Лагвінец:

"Наколькі я ведаю, праграмаў на навучанне ў заходніх універсітэтах у Беларусі няма. Ёсць пагадненні з Расіяй, каб беларусы маглі там навучацца. Беларуская дзяржава не дбае пра тое, каб выхоўваць корпус прафесіяналаў. Адна з галоўных мэтаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі — гэта ідэалагічны кантроль, а не развіццё самастойнасці, крытычнага мыслення і адказнасці".

Шмат беларусаў едуць вучыцца за мяжу, але вяртаюцца нямногія, бо патрэбы дзяржава ў іх не мае. У Беларусі шмат кажуць пра праблему "уцечкі мазгоў", але, як мы бачым, нічога рэальнага для вырашэння праблемы не робіцца.


Фота www.segodnya.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі