"Катарскія авіялініі" не пусцілі грамадзян Беларусі на эвакуацыйны борт

Катарцы не пусцілі беларусаў на эвакуацыйны борт / qatarairways.com
Катарцы не пусцілі беларусаў на эвакуацыйны борт / qatarairways.com

Беларусы, якія затрымаліся ў розных кропках свету, па-ранейшаму спрабуюць вярнуцца дадому. На жаль, часам гэтыя спробы заканчваюцца няўдачай. Нават калі ў эвакуацыю ўкладваюцца тысячы долараў, а над планам вяртання падарожнікаў на радзіму працуюць дыпламаты з чатырох краін.

Так не пашанцавала беларусам, якіх пандэмія заспела ў Катары і на Сейшэльскіх астравах. Шанец вярнуцца ў Еўропу ім прадставіўся 28 красавіка. Пры садзейнічанні пасольства Вялікабрытаніі ўдалося арганізаваць рэйс "Сейшэльскія Астравы — Доха — Хельсінкі — Мінск". Да сталіцы Фінляндыі трэба было ляцець "Катарскімі авіялініямі", а на радзіму беларусаў павінна была даставіць "Белавія".

"Катарские авиалинии" не пустили граждан Беларуси на эвакуационный борт
Вольга Чаркасава / Instagram

Дык што, беларускі пашпарт для Катара нічога не значыць? Гэта дзіўная сітуацыя, бо катарскі бізнес вельмі свабодна адчувае сябе ў Беларусі. Катарцы інвестуюць у нерухомасць (з іх удзелам пабудавана велізарная гасцініца "Marriott" і шматфункцыянальны комплекс "Сокал" на праспекце Пераможцаў у Мінску) і ў экзатычныя праекты. Напрыклад, у арганізацыю сакалінага палявання пад Копылем.

"Катарские авиалинии" не пустили граждан Беларуси на эвакуационный борт
Катарскія авіялініі сапраўды змаглі змяніць планы многіх / booking.qatarairways.com

"Белавія" дала гарантыйны ліст, у якім было пазначана, што грамадзян Беларусі будуць чакаць, нават калі рэйс з Дохі затрымаецца. Крыху пазней беларускія турысты атрымалі дазвол на транзіт у пагранслужбе Фінляндыі. Аднак прадстаўнікам катарскай авіякампаніі дазволу ад пагранкамітэта недастаткова.

Са слоў катарцаў, яны адмаўляюць таму, што няма дазволу на ўезд. Менавіта на ўезд. Яны выдатна ведаюць, што транзіт у многіх краінах Еўропы дазволены, аднак уезд у краіны пад забаронай —  распавядае Еўрарадыё Вольга Ліцвінюк, супрацоўніца пасольства Беларусі ў Кеніі, якая дапамагала беларусам вярнуцца дадому. — Катарцы кіруюцца ўнутранай інструкцыяй кампаніі, патрабуючы альбо від на жыхарства, альбо дазвол на ўезд, што цяпер у прынцыпе немагчыма атрымаць. Пра гэта ведаюць і катарцы, і кампетэнтныя органы краін Еўрасаюза, якія ўвялі ў сябе забаронныя меры. 

Патрабаванні катарцаў непаслядоўныя. З іх боку агучвалася, што патрабуецца атрымаць дазвол міграцыйнай службы Фінляндыі, грамадзяне напісалі туды наўпрост, і гэты дазвол ім выдалі. Пасля гэтага доступ на рэйс усё роўна не быў атрыманы. Спачатку яны кажуць, што трэба дазвол памежнікаў на транзіт, потым кажуць, што трэба дазвол на ўезд. Непаслядоўнасць патрабаванняў прывяла да таго, што ёсць на сённяшні дзень.

"Катарские авиалинии" не пустили граждан Беларуси на эвакуационный борт
Дазвольны ліст ад памежнай службы Фінляндыі / Фота Вольгі Чаркасавай

— Па стане на 29 красавіка ёсць яшчэ адзін выпадак, калі некалькі грамадзян Беларусі не былі дапушчаныя на эвакуацыйны рэйс "Катарскіх авіяліній", — распавядае кіраўнік прэс-службы МЗС Анатоль Глаз. — На сённяшні дзень "Катарскія авіялініі" вылучаюць патрабаванні, якія немагчыма задаволіць. Яны патрабуюць пацверджання дазволу на ўезд у краіны Еўропы, праз якія грамадзяне едуць транзітам. Але праца з імі вядзецца, і не толькі праз пасольствы, але і праз прадстаўнікоў "Катарскіх авіяліній" у розных краінах свету, у тым ліку і ў Фінляндыі.

Па стане на дадзены момант грошы за квіткі катарскі авіяперавозчык вяртаць адмаўляецца, прапаноўваючы выкарыстоўваць іх для будучых падарожжаў у 2020 годзе. Зрэшты, планаваць у сённяшніх умовах нейкія падарожжы наўрад ці мае сэнс.

На дадзены момант на Сейшэльскіх астравах і ў Катары вымушана знаходзяцца 13 беларусаў, 6 украінцаў і каля 100 грамадзян Расіі. Усяго ж па стане на 29 красавіка каля 1000 грамадзян Беларусі маюць патрэбу ў эвакуацыі. Гэтая лічба ўвесь час мяняецца. Нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікаюць, у беларусаў паціху ўсё ж атрымліваецца вяртацца дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі