Касянкова: Я раблю ўсё, каб кар'ера Сашы складалася найлепшым чынам

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге незадаволены гульнёй лідара каманды Аляксандра Глеба. Самы дарагі беларускі футбаліст, трансферны кошт якога ацэньваюць у 7 мільёнаў еўра, удзельнічаў толькі ў 4 з 10 апошніх матчаў зборнай. "І кожны раз ён прыязджаў у зборную не ў лепшым фізічным стане", — сказаў Штанге.

Еўрарадыё датэлефанавалася да менеджэра і сябра Аляксандра Глеба, Мікалая Шпілеўскага. Ён лічыць, што апошнім часам футбаліст сапраўды не ў лепшай форме, бо недастаткова дбае пра сваё цела!

Мікалай Шпілеўскі: "Я заўжды ўсім казаў: у Глеба сапернікаў няма. Ён сам сабе сапернік, калі не сочыць за сваім здароўем. І ён мусіць ставіцца да сябе як прафесіянал. Калі трэба пасля трэніроўкі застацца на 2-3 гадзіны з фізіятэрапеўтам, каб нармальна ўзнавіцца, дык гэта ён мусіць зрабіць. А ён пачаў да свайго арганізму ставіцца менш патрабавальна. Прычына хаваецца ў побыце, у яго асабістым жыцці".

Жонка Аляксандра Глеба Анастасія Касянкова з тым, што футбаліст ахвяруе трэніроўкамі на карысць сямейнага жыцця, цалкам не згодная.

"Саша ходзіць на кожную трэніроўку і практычна ў адзін і той жа час вяртаецца дадому. І ніколі не было такога, каб ён прапусціў трэніроўку, ці самавольна з яе "сарваўся". Такога ніколі не было. Ён заўжды сыходзіць на трэніроўку задаволены і вяртаецца шчаслівы. І я вельмі ўзрушаная тым, што нехта таксама кажа, што Саша імкнецца з трэніровак дадому. Гэта вельмі добра, бо дома чакаю яго я, і раблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб усё ў Сашы складалася найлепшым чынам", – распавяла Анастасія ў размове з Еўрарадыё.

Мікалай Шпілеўскі лічыць, што, акрамя побыту, набраць аптымальную форму Глебу-старэйшаму перашкаджае цяжкая футбольная маладосць. Усё ж колькасць матчаў, якія Аляксандр правёў на прафесійным узроўні, набліжаецца да 500.

"Нават конь такіх нагрузак не вытрымлівае. Але ўсё ж да арганізма трэба ставіцца прафесійна. Аднаго талента ад Бога недастаткова! Я такіх геніяльных футбалістаў, як Аляксандр Глеб, яшчэ не бачыў, але балюча глядзець, што фізічны стан не дазваляе гэта рэалізаваць у гульні.

Пачынаюцца мікратраўмы, якія не даюць яму гуляць... Правільна ён кажа: "Што я магу зрабіць, калі мне баліць?!" Зразумела, што пасля такой пякельнай працы, калі ў яго лепшыя гады ён трываў шалёныя ўдары па касцях, і па суставах, усё зношваецца".


Пра траўмы, якія апошнім часам непакоілі футбаліста, згадала і Анастасія Касянкова. Дарэчы, яна таксама часам крытыкуе Глеба. Але зусім не так, як адгукаюцца на яго гульню спецыялісты.

Анастасія Касянкова: "Мы з кожным годам усё больш даведваемся адно пра аднаго. І на дадзены момант адносіны выйшлі на нейкі новы ўзровень, мы вельмі шчаслівыя. Натуральна, тое-сёе і я яму кажу, крытыкую. Але не так, каб пакрыўдзіць. Бо мы ўсе дарослыя людзі, і яго здароўе – гэта яго ўласная справа".

"Я адмаўляюся разумець футбаліста такога высокага ўзроўню, які некалькі сезонаў не можа вырашыць свае праблемы са здароўем", – кажа Бернд Штанге.

Аляксандр Глеб, якому праз паўгода споўніцца 30, уступае ў залаты футбольны ўзрост, калі яшчэ малады чалавек ужо мае вялікі досвед.
 
"Пытанні асаблівыя да Глеба, бо ёсць з каго пытацца! І мне хацелася б памыляцца, але ёсць спакусы ў жыцці, а чалавек ён забяспечаны. Але я жыву футболам і заўжды хацеў, каб і ён жыў футболам, каб ён быў галодны да гульні, галодны да таго, каб людзі захапляліся яго гульнёй, і ніколі не супакойваўся", - не губляе надзеі Мікалай Шпілеўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі