Кастусёў: Я часта, калі бываю на Машэрава, заглядваю ў вокны былой сядзібы

111109 KastuseuS.mp3

Еўрарадыё: Раскажыце, калі ласка, дзе Партыя БНФ знайшла прытулак.


Рыгор Кастусёў: Мы перавезлі частку сваіх рэчаў у новы офіс, які знаходзіцца на вуліцы Чарнышэўскага, 3. Гэта дом жылы, але цокальны паверх аддаецца пад офісы. Праўда, пакуль што канчатковага рашэння гарвыканкама няма. Ёсць папярэдняе рашэнне ўпраўлення маёмасці, ёсць дамоўленасць са ЖРЭУ Першамайскага раёну, і заключана часовае пагадненне на карыстанне гэтым офісам. Мы спадзяемся, што на гэтым тыдні будзе прынятае канчатковае рашэнне Мінгарвыканкама на арэнду цягам трох год.

Еўрарадыё: А цокальны паверх, гэта нейкія сутарэнні?


Рыгор Кастусёў: Гэта нешта сярэдняе паміж падвалам і першым паверхам.

Еўрарадыё: У папярэднім офісе на Крапоткіна ў вас узніклі праблемы з ўладальнікам, які папрасіў пакінуць памяшканне? Чаму вы адтуль з'езалі?


Рыгор Кастусёў: Так, аб гэым нас папрасіў уладальнік таго памяшкання. Па невядомых для нас прычынах, таму што адносіны ў нас з ім былі добрыя і мы не сварыліся. Проста папрасіў нас звольніць памяшканне.

Еўрарадыё: Ці не баіцеся, што такая ж самая гісторыя паўторыцца і з новым уладальнікам памяшкання?


Рыгор Кастусёў: Вядома, пэўны непакой ёсць, што гістрыя можа паўтарыцца. Але для нас прагучалі абяцанні, што дамова будзе падпісана на тэрмін трох гадоў, і нашыя спадзяванні перабольшваюць нашыя хваляванні.

Еўрарадыё: Тыя, хто высяляў вас з легендарнага офіса на Машэрава , які партыя арэндавала з 1992 года, матывавалі гэта тым, што памяшканне будзе выкарыстоўвацца ва ўласных патрэбах. Але як вынікае з нашай інфармацыі, офіс на Машэрава дагэтуль не заселены і ніякім чынам не выкарыстоўваецца. Ці ведаеце вы пра гэта і што з гэтай нагоды адчуваеце?


Рыгор Кастусёў: Ведаем. На пачатку камунальнікі казалі, што гэтае памяшканне будзе прадстаўлена для інвалідаў. Пазней яны давалі іншую версію, нібыта ўжо для іх ўласных, камунальнікаў, патрэбаў. На жаль, да сёння гэтае памяшканне пустуе, камунальнікі нясуць вялікія страты. Я часцяком, калі бываю ў тым раёне, заглядваю ў вокны, гляджу на дзверы. Да гэтай пары нашы фіранкі вісяць, як было раней, так нічога і не змянілася, так і застаецца.

Еўрарадыё: Што вы адчуваеце асабіста, па чалавечы, калі здараецца прахадзіць побач таго офіса?


Рыгор Кастусёў: Зразумела, што сэрца шчэміць. Хацелася б вярнуцца ў той самы офіс, і мы колькі разоў спрабавалі гэта зрабіць, але на жаль, усе гэтыя нашыя спробы вярнуцца туды скончыліся паразай. Да таго ж прыкрыя ўспаміны аб высяленні. Нас адтуль пагражалі выселіць сілай, але мы вывезлі рэчы напярэдадні ўжывання сілы супраць нас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі