Вы тут

Карычы не плацяць падрадчыкам? Пагаварылі з будаўнікамі "Мінск-Свету"

“Мінск-Свет” / probusiness.by

Праз санкцыі ЕС братам Карычам, уладальнікам набліжанай да Лукашэнкі "Даны Холдынгз", не стае грошай, каб расплачвацца з падрадчыкамі, якія будуюць ЖК "Мінск-Свет". У дадатак Карычы нібыта сталі адзін за адным пакідаць Беларусь, спрабуючы забраць з сабой "мэблю і творы мастацтва".

Так піша сербскае выданне republika.rs, дадаючы пры гэтым, што Лукашэнка канфіскаваў у братоў "нерухомасць, у тым ліку кватэру, у якой яны жылі, і дазволіў вывозіць з краіны толькі асабістыя рэчы — касметыку, адзенне, абутак".

Калі ў Карычаў справы і папраўдзе такія дрэнныя, то напэўна гэта павінна неяк адбіцца на фінансаванні і працы на будаваных аб'ектах "Мінск-Свету". Пра сітуацыю на месцах Еўрарадыё пацікавілася ў прадстаўнікоў падрадчыкаў, задзейнічаных на будаўніцтве дамоў.

— Як было — так і ёсць. Змен я не бачу пакуль, — расказвае Еўрарадыё начальнік участка Уладзімір Сякерка. — Свае дамоўныя абавязацельствы яны [Дана Холдынгз. — Еўрарадыё] выконваюць. Пакуль, я думаю, гэта толькі чуткі.

— Мы працуем. Складаюцца графікі правядзення работ, матэрыял заязджае на аб'ект пастаянна. Ёсць тэрміны здачы дамоў, дольшчыкі цікавяцца будаўніцтвам. Пакуль перадумоў да нечага няма, — кажа ІТР з іншай падраднай арганізацыі. — Ёсць, вядома, моманты, але ва ўсіх кампаній розныя дамоўныя адносіны, розная гаспадарчая дзейнасць. Мы працуем і збіраемся працаваць. У нас на аб'екце каля двухсот чалавек.

Па словах мужчыны, зарплату будаўнікі "Мінск-Свету" па-ранейшаму атрымліваюць.

Яшчэ адзін прадстаўнік будаўнічага бізнесу, з якім звязалася Еўрарадыё, расказаў, што ёсць дробныя фірмы, якія адпрацавалі ў "Даны" на субпадрадзе і падпісалі працэнтоўкі, а грошай чакаюць ужо другі месяц. Такое час ад часу здараецца і ў іншых забудоўшчыкаў, але наш суразмоўнік лічыць гэта "сур'ёзным званочкам".

"Дана Холдынгз" і шэраг іншых кампаній, такіх як тытунёвая фабрыка "Нёман", "Белнафтагаз", "Беларуськалій", трапілі пад санкцыі ЗША 9 жніўня. Актывы і маёмасць фізічных і юрыдычных асоб, якія трапілі ў санкцыйны спіс, заблакаваныя на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Грамадзянам ЗША з такімі кампаніямі забаронена праводзіць любыя фінансавыя аперацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.