Канстытуцыйны суд праверыў спісы невыязных і парушэнняў не знайшоў

Як стала вядома Еўрарадыё, Канстытуцыйны суд праверыў рашэнні мінскіх судоў аб пазбаўленні грамадзян права на выезд за мяжу. І прыйшоў да высновы, што ўсё было зроблена законна і парушэнняў правоў грамадзян у гэтым няма. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад суддзі Канстытуцыйнага суда Валянціна Шукліна.

Валянцін Шуклін: “Мы праверылі па гэтым пытанні справы па горадзе Мінску, па многіх судах. І прышлі да высновы, што, у прынцыпе, усё абгрунтавана. Мы думалі, што, можа быць, праблема ёсць сур’ёзная абмежавання правоў грамадзян, але паглядзелі, вывучылі практыку па справах – няма такой праблемы. Мы лічым, што тыя часовыя абмежаванні, якія існуюць, яны цалкам абгрунтаваныя”.

Суддзя кажа, што не трэба рабіць вялікага шуму з існавання спісу невыязных. Па яго словах, яны былі заўжды. Адзінае, што змянілася, гэта тое, што раскіданыя па розных установах спісы сёння аб’ядналі ў адну вялікую базу і далі прамы выхад на яе памежнікам.

Валянцін Шуклін: “Спісы невыязных як былі, так і засталіся. Колькасць людзей, якія былі невыязнымі. Адзіная праблема, што раней гэтыя спісы належалі адной, двум, тром арганізацыям. І спатрэбілася вялікая праца, каб аб’яднаць гэтыя базы даных. І аб’яднаць яе з памежнікамі”.

І ўсё гэта, кажа, за нейкіх 5-10 мільёнаў долараў. Толькі для таго, каб грамадзяне не чакалі некалькі тыдняў, пакуль іх права на выезд правераць па ўсіх арганізацыях і паставяць дазвольны штамп у пашпарт, а даведаліся за некалькі хвілін. Толькі зазірнуўшы ў адзіную базу. Тым больш, што усіх, каго ў тую базу заносяць, па законе павінны аб гэтым папярэдзіць.

У адрозненні ад дзеючага, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў лічыць, што ў нашай краіне вельмі шмат людзей патрапляюць у катэгорыю невыязных. Арганізацыі, якія атрымалі права складаць гэты спіс, могуць вельмі вольна гэтым правам карыстацца.

Валеры Фадзееў: “Ёсць права, а ёсць правапрымяненне. Я баюся, што яны будуць разыходзіцца, як гэта часта бывае. Ёсць норма права, а калі яна прымяняецца на практыцы, яе трактуюць пашырана, і ўзнікаюць праблемы. Такія рэчы заўсёды небяспечныя. Асабліва ў дачыненні да тых грамадзян, якія нейкім чынам засвечаныя ў палітыцы”.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, сёння следчы, які вядзе справы, можа ўласным рашэннем унесці ў спіс невыязных не толькі абвінавачанага, але і падазронага, і нават сведку па справе. Для гэтага нават не трэба рашэння суда. На думку ж былога суддзі, нават абвінавачанага, але пакуль не асуджанага грамадзяніна нельга ўносіць у спіс невыязных. Гэта абмяжоўвае яго правы.

Валеры Фадзееў: “Калі разбірацца, то нават у абвінавачанага, але не асуджанага, пакуль няма паражэння ў правах. Можна, канешне, казаць, што ён можа знікнуць, але мы павінны ў першую чаргу думаць аб правах чалавека”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі