Вы тут

Канстытуцыйны суд перадумаў: у Малдове — новы парламент і стары прэзідэнт

Новая прэмь'ер-міністарка Малдовы Мая Санду, спікер парламента Зінаіда Грачаны і прэзідэнт Ігар Дадон / Reuters

Канстытуцыйны суд Малдовы адмяніў свае ж рашэнні, прынятыя 7-9 чэрвеня, якія паслужылі падставай для вострага палітычнага крызісу ў краіне, піша Newsmaker. Гаворка ідзе пра роспуск парламента і прызнанне рашэнняў парламенцкай большасці нелегітымнымі, а таксама зняцце з пасады прэзідэнта Ігара Дадона і часовае выкананне яго абавязкаў экс-прэм'ерам Паўлам Філіпам.

Як заявіў старшыня КС Міхай Паалелунж,  "уліваючы зварот у КС ад 15 чэрвеня аб пераглядзе рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным судом 7-9 чэрвеня, улічваючы ўсе дэталі і абставіны справы, суд на падставе арт. 135 (а) і 140 Канстытуцыі РМ і закона аб дзейнасці КС, анулюе рашэнне № 83 ад 7 чэрвеня 2019, тры рашэнні №13,14 і 15 ад 8 чэрвеня 2019 і два заключэнні КС ад 9 чэрвеня 2019”.

7 чэрвеня Канстытуцыйны суд абвясціў, што канчатковы тэрмін фармавання ўрада скончыўся 7 чэрвеня. На наступны дзень, 8 чэрвеня (праз гадзіну пасля брыфінгу Дэмпартыі, на якім было заяўлена аб адстаўцы новага ўраду) былі прызнаныя незаконнымі усе дакументы, прынятыя новай парламенцкай большасцю ACUM і ПСРМ. З адабрэння Канстытуцыйнага суда 9 чэрвеня Павел Філіп як выконваючы абавязкі прэзідэнта распусціў парламент.

У сакавіку 2019 года на парламенцкіх выбарах у Малдове практычна пароўну атрымалі мандаты прадстаўнікі праеўрапейскага блока ACUM, прарасійская Партыя сацыялістаў і Дэмакратычная партыя Малдовы, якую ўзначальвае алігарх Уладзімір Плахатнюк.

Спробы Дэмпартыі стварыць кааліцыю з ACUM ні да чаго не прывялі. У выніку праеўрапейскія і прарасійскія сілы аб'ядналіся супраць "клану Плахатнюка".

Алігарх у сваю чаргу задзейнічаў рычагі ўплыву на Канстытуцыйны суд і дамогся рашэння аб роспуску парламента, паколькі той не змог своечасова прызначыць ўрад. Парламент праігнараваў гэтае рашэнне, а ў Малдове пачаліся акцыі пратэсту з мэтай падтрымаць дэпутатаў.

У падтрымку "антывлігархічнай" кааліцыі выступілі ЕС, ЗША, Расія. Дэмпартыя была адхіленая ад улады. На фоне гэтых падзей Плахатнюк пакінуў краіну.