Кандыдаты-правацэнтрысты падалі заяву ў ЦВК аб фальсіфікацыі выбараў

Кандыдаты-правацэнтрысты падалі заяву ў ЦВК аб фальсіфікацыі выбараў

Кандыдаты ў дэпутаты Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Вольга Маёрава 10 верасня перадалі ў Цэнтрвыбаркам заяву, у якой сцвярджаюць, што выбары праходзяць па звыклым сцэнарыі фальсіфікацыі народнага волевыяўлення. Дакумент быў падпісаны падчас пікету, які правяла правацэнтрысцкая апазіцыйная кааліцыя каля сталічнага гатэля “Мінск”. Як нагадвае БелаПАН, у кааліцыю ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух “За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

У заяве адзначаецца, што фальсіфікацыя выбараў у парламент адбываецца пад поўным кантролем уладаў, а замест неабходнага для пераадолення сістэмнага крызісу дыялогу з прадстаўнікамі ўсіх грамадска-палітычных сіл краіны “аўтарытарны рэжым працягвае палітыку эскалацыі агрэсіі ў дачыненні сваіх грамадзян, палітычных апанентаў і ўсіх незалежных ад улады структур грамадзянскай супольнасці”.

Беларускі парламент, на думку правацэнтрыстаў, “застаецца дэкаратыўным інстытутам”, пакліканым “абслугоўваць уладную вертыкаль, а не прадстаўляць інтарэсы грамадзян краіны”. Таксама ў заяве адзначаецца, што кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі не могуць разглядаць гэтую парламенцкую кампанію як рэальныя выбары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі