Канцэрты падчас фэсту тэатраў лялек. Фотарэпартаж

Зусім нядаўна скончыўся “V Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек”. Паколькі ў нашу сталіцу завіталі насамрэч надзвычай цікавыя людзі, арганізатары фестывалю і акторы сталічных тэатраў паспрабавалі зрабіць усё магчымае, каб фестываль стаўся максімальна яркай і незабыўнай падзеяй і для гасцей, і для гледачоў. Прапануем вашай увазе фотаагляд канцэртаў у межах фэсту. У фае Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек была ўсталявана сцэна, а таксама арганізавана совеасаблівае лялечнае кафэ. Пасля сваіх спектакляў госці-акцёры і рэжысёры, гледачы і акцёры беларускіх тэатраў маглі пагутарыць у прыемнай атмасферы, папіць кавы ці больш моцных напояў у кафэ, а пасля атрымаць асалоду і задавальненне ад жывой музыкі у фае тэатра. (Было таксама заяўлена правядзенне майстар-класаў і капуснікаў, якія пасля, на жаль, было вырашана адмяніць).




5-га кастрычніка у фае Тэатра лялек адбыўся выступ гурта “ПортМоне” – інструментальнага трыа, якое складаецца з акардэона, бас-гітары і джамбея. “ПортМоне” іграюць унікальную музыку. Удзельнікі гурту стваралі настрой усіх прысутных, аб’ядноўваючы ў сваіх кампазіцыях рамантыку і імпрэсіянізм, штодзённае і незвычайнае. Гэта было падобна на электронную музыку, якая выконваецца “ужывую”, ды яшчэ з акардэонам.




6-га кастрычніка гасцей фестывалю сустракаў танцавальны аркестр «Маланка Orchestra». Леанід Паўлёнак разам са сваімі выбітнымі музыкантамі радавалі мелодыямі румынскіх цыган, самба, сёрф-року, лірыкі і нават “танцавальнай неспадзяванкай” - чачоткай у выкананні таленавітай дзяўчыны Наталлі Слашчовай. Ніхто не змог утрымацца – зала кінулася ў пляс! Пад амаль рытуальныя рытмы танчылі і госці, і акторы-музыкі – Святлана Залеская-Бень, больш вядомая як Бенька, Міхаіл Зуй з гурта “ДетиДетей”, ды і сам кіраўнік тэатру – Аляксей Ляляўскі.










7-га кастрычніка Аляксей Ляляўскі запрасіў выступіць з канцэртам сваю былую студэнтку, якая зараз з’яўляецца рэжысёрам тэатра лялек, Святлану Залескую-Бень і фрык-кабарэ “Серебряная свадьба”. Музычна-тэатральны балаган на вачах у публікі гатаваў незвычайны кактэйль з рускай народнай музыкі, кантры, французкага шансона – і ўсё гэта падавалася на манер вулічнага аркестра! На бубнах-валізцы ў гэты вечар іграў Леанід Паўлёнак. Шчырыя, іранічныя і вельмі аптымістычныя кампазіцыі, элементы кабарэ і тэатру. Як вынік зноўку - танцы, іскрыстыя вочы ў прысутных і выдатны настрой!






Тым жа вечарам і на дэсерт – праект акцёра Купалаўскага тэатру Сашы Казела “Земфира в мехах”... Што адчуваеш, калі чуеш знаёмыя культавыя песні, пад якія калісьці сталелі, у выкананні маладога і па-чартоўскі харызматычнага хлопца пад акампанемент акардэона і гітары? Спачатку нейкае непаразуменне, пасля усмешка, пасля ты ўжо не можаш адцягнуць увагу ад шалёных вачэй Сашы Казела, чакаеш новай інтэрпрэтацыі і чарговай песні. А ён не прымушае гледача чакаць! І з новай песняй – зноўку здзіўляе!! Акрамя Земфіры, былі яшчэ песні з рэпертуару Эдзіт Піаф, а таксама іншыя кампазіцыя на нямецкай і французкай мовах. І яны падаліся зусім новымі, незвычайнымі, нібыта і нечутымі ніколі... Бо кожная песня для Сашы – маленькая імпрэза. З праектам “Земфира в мехах” артыст выступаў яшчэ зусім няшмат і таму шкада, што вельмі мала тых, хто зразумее, што азначае бачыць гэтае шоу!





Фае тэатру было поўным – жадаючым не хапала месца і яны сядалі на падлогу, заварожаныя і зацікаўленыя. А пасля імпрэзы - дзяквалі Ляляўскага за падоранае свята і за адкрыццё выдатнага акцёра.




Скончылася свята “Беларускага міжнароднага фестывалю лялек” святкаваннем 70-годдзя сталічнага тэатру лялек.

Будзем чакаць новых сустрэч і неспадзяванак праз 2 гады!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі