Каму была патрэбна прэзентацыя саўндтрэку да “Дастыш Фантастыш”?

Гэта пытанне не пакідала нас усю імпрэзу, якая павінна была кіпець, страляць феерверкамі, весяліцца і весяліць… Мы ўяўлялі сабе, што ўсё будзе прыкладна так: Шпакоўская і Гарбуз (удзельнікі фільма) з’явяцца на сцэне “Рэактара” у якасці канферансаў. Пафасна і радасна яны чарговы раз распавядуць пра афігенныя якасці карціны Аляксандра Канановіча і пад белы ручанькі вывядуць малагаварлівага рэжысёра на сцэну. А Канановіч скажа: “Фільма не было б, калі б не музыка і музыкі, якія ўпрыгожылі стужку не толькі нотамі, але і сваімі нетрывіяльнымі фізіяноміямі”. А над сцэнай луналі б расцяжкі “Дастыш Фантастыш”, акцёры б распавядалі пра фішкі свайго ўдзелу ў фільме, а музыкі кідалі са сцэны цішоткі і календарыкі з назвай кіно і ганарыліся сваім дотыкам да вялікага твору…

Чалавек, які выпадкова патрапіў у “Рэактар” у той вечар, наўрад ці зразумеў, што чарговы канцэрт беларускіх каманд уяўляў сабою прэзентацыю саўндтрэку да “Дастыш Фантастыш”. Таму што на сцэне, над сцэнай, па-за сцэнай, замест сцэны не было нічога, нават звычайнай расцяжкі, якая б тлумачыла сцэнічную дзею. Калі б не экран, які дэманстраваў эпізоды фільма “Дастыш Фантастыш”, ніхто б не ўцяміў, што да чаго.  Ну і яшчэ музыкі часам успаміналі, дзеля чаго яны тут сабраліся. “А вы глядзелі фільм “Дастыш Фантастыш?” – пыталіся яны. “Не!” – крычалі  прыхільнікі беларускай музыкі з залы.

На сцэну раз-пораз узыходзіў небезвядомы Раман Арлоў. Аказалася, што Рома – адзін з саўндпрадзюсераў фільма “Дастыш Фантастыш”, таму давялося яму пабыць вядучым мерапрыемства і распавесці гледачам пра тое, што хутка саўндтрэк да стужкі з’явіцца на CD.

Раман Арлоў: “Цягам бліжэйшых двух тыдняў павінна з’явіцца складанка з аднайменнай назвай :“Дастыш Фантастыш”, у якую ўвойдзе музыка да фільма: “Крамбамбуля”, “Нака”, маскоўскі гурт “Барто”, “Дзецідзяцей”, таксама некалькі гуртоў, якія не знаходзяцца фізічна ў матэрыяле фільма, але, на думку прадзюсераў складанкі, сугучныя фільму па настроі”.

Паводле Рамана, у складанку могуць увайсці такія выканаўцы, як Сяргей Пукст, каманды “РСП” і “У нескладовае”.

Распачаў канцэрт “РСП” – гурт, які не ўдзельнічаў у напісанні саўндтрэку да фільма, але музыка якога, згодна рэжысёру і музычным прадзюсерам, цалкам супадае з ідэямі стужкі. Хлопцы пры ўдзеле танцавальнага дуэту “ПМС” выкананалі свае хіты, чым у чарговы раз запэўнілі публіку ў творчым застоі. З канцэрту ў канцэрт – адно і тое ж. Ну колькі можна!

РСП і ПМС
Далей была “Нака”, якая выканала песні з апошняга альбома “Пора” і песню з кінафільма “Дастыш Фантастыш”“Клочьями”. Песня, дарэчы, цалкам натуральна гучыць у стужцы. Такі сапраўдны саўндтрэк. Кажуць, што яе рэжысёр Канановіч узяў проста з першага праслухоўвання і без роздумаў.




Нака
А потым Раман Арлоў з’явіўся на сцэне ўжо з гітарай і вядомымі музыкамі-"шматстаночнікамі": Канстанцінам Гарачым, Славам Сергяенкам, Андрэем Сапоненкам, Вадзімам Марголіным і Віктарам Рудэнкам (фронтмэнам Dali), і прэзентаваў публіцы свой новы праект “У нескладовае”. Перад выступам Рома распавёў пра мэты і задачы праекту публіцы “Рэактара”.

Раман Арлоў: “Асноўная мэта нашага праекту, крыху можа з закосам у элітаршчыну, – арыентацыя на прасоўванне беларускай культуры на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. Тым больш, што сучасны міністр культуры Павел Латушка аб’явіў год, які пачаўся 5 красавіка, годам беларускай культуры ў межах РФ”.

Раман Арлоў

Віктар Рудэнка
Шмат хто чакаў з’яўлення Арлова пасля некалькіх гадоў адсутнасці ў шоў-бізе, ды яшчэ з новым праектам. У выніку атрымалі свежы гурт, які пазіцыянуе свой стыль як радыёфарматную папулярную музыку для дарослых з ухілам у бок поп-року. Пазітыўны рок “У нескладовага” настроем недзе нагадаў U2, у аднайменнай песні (з Ганнай Хітрык і Юляй Глушыцкай) чарговы раз прымусіў здзівіцца прыгажосці роднай мовы, і ў цэлым пакінуў добрыя ўражанні. Нават падарыў разам з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” песню беларускаму народу:)

Вадзім Марголін

Андрэй Сапоненка

Косця Гарачы

Юля Глушыцкая, Ганна Хітрык і Віктар Рудэнка

Наступнымі на сцэне з’віліся “Дзецідзяцей”, якія ва ўласцівым ім манеры выканалі колькі сваіх песень, стварыўшы зноў-такі толькі ім уласцівую трапяткую атмасферу.



Хэдлайнерам вечара стала “Крамбамбуля”, якая ў нейкім сэнсе выратавала публіку ад разважанняў, засынанняў, бадзянняў, лірыкі і рамантыкі, і даказала, што беларускаму народу не хапае вяселля і карпаратыву! Такое ўражанне, што новыя маладыя музыкі ўдыхнулі ў гурт новае жыццё, а заўсёды малады і акуратны Лявон Артуравіч яшчэ больш памаладзеў! “Турысты”, “Мама дарагая”, дуэт з Пугачам, танцы на сцэне, паход Вольскага "на дзеўкі" ў натоўп, біс, выхад на раздачу аўтографаў… Да зоркі можна дакрануцца!


Нўдзячная справа пісаць рэцэнзіі. Бо песні ўжывую гучаць па-іншаму.Ужывую яны жывыя… А Вольскі гэтым невялікім сэтам даказаў, што менавіта ён – галоўны артыст Беларусі…

Лявон Вольскі і Ўладзімір Пугач



Вынікі. Як звязаныя гурты-выступоўцы з фільмам "Дастыш Фантастыш"?

1.    Дух РСП супадае з духам фільма, таму песні “пацаноў” увойдуць у музычную складанку “Дастыш Фантастыш”.
2.    Песня “Накі” гучыць у стужцы, а фронтвумэн гурта Анастасія Шпакоўская грае там ролю мафіёзі.
3.    Раман Арлоў, заснавальнік “У нескладовага”, з’яўляецца прадзюсерам саўндтрэку да фільма “Дастыш Фантастыш”. Апроч таго, Ганна Хітрык, якая знялася ў эпізадычнай ролі ў стужцы і агучыла ролю галоўнай гераіні, удзельнічае ў праекце “У нескладовае”.
4.    Аня Хітрык таксама спявае ў “Дзецяхдзяцей”, там жа грае Зміцер Ясіневіч, які таксама выканаў эпізадычную ролю ў стужцы Канановіча.
5.    Крамбамбуля спявае ў фільме ажно 3 песні, а яе музыкі нават удзельнічаюць у кіношнай вясельнай бойцы!

P.S.: Акцёры на сцэне “Рэактара” падчас канцэрту так і не з’явіліся, хоць былі заўважаныя за півам ды танцамі…

Дык каму ж, па-вашаму, патрэбна была прэзентацыя саўндтрэку да “Дастыш Фантастыш”? Га?


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі