Камерунскі футбаліст па-ранейшаму сядзіць на Акрэсціна

Пры тым, што дакументы, якія пацвярджаюць яго асобу і сапраўднасць пашпарта амбасада Камеруна выслала ў Мінск яшчэ 10 дзён таму. У самім ізалятары Еўрарадыё распавялі, што Гі Франсуа Тукам адчувае сябе выдатна.
Больш за месяц варатар нарвежскага футзальнага клуба камерунец Гі Франсуа Тукам сядзіць у мінскім ізалятары на Акрэсціна і чакае дэпартацыі. Ён прыляцеў у Мінск на спаборніцтвы, але ў аэрапорце яго затрымалі па падазрэнні ў падробцы пашпарта. Беларускі бок зрабіў запыт наконт спартсмена ў амбасадзе Камеруна ў Маскве, але адтуль нібыта не прыйшло адказу. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, у дыппрадстаўніцтве прызналі ўсе дакументы сапраўднымі. Паперы, якія гэта пацвярджаюць, выслалі ў Мінск яшчэ 10 дзён таму.

Супрацоўніца амбасады Камеруна ў Маскве: “Амбасада ўжо адправіла адказ, так што ён павінен прыйсці па месцы прызначэння. Консул выслаў адказ дзён 10 таму”.

Дэпартацыяй Гі Франсуа Тукама павінна займацца памежная служба аэрапорта, дзе затрымалі спартсмена. Аднак ніякага пацвярджэння з Масквы там так і не атрымалі, даведалася Еўрарадыё ад аператыўнага дзяжурнага

Аператыўны дзяжурны памежнай службы: “Мы не атрымлівалі пакуль ніякіх папераў, дакументы яшчэ не прыйшлі”.

Па словах супрацоўніка памежнай службы, у гэтым вінаватыя кур’еры ці іншыя асобы, якія займаюцца дастаўкай такіх дакументаў. А вось праваабаронцы, якія ўзяліся дапамагаць спартсмену, ужо атрымалі копіі папер з амбасады Камеруна. Іх даслала ў Мінск дзяўчына Гі Франсуа Тукама, распавёў Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Як высветлілася, памежнікі “прычапіліся” да дакументаў камерунца, бо нумар ягонага пашпарта адрозніваецца ад нумара ўкладыша ў ім. 

Валянцін Стэфановіч: “Там ёсць копіі дакументаў па-руску і па-французску. Адзін пацвярджае яго асобу і тое, што пашпарт сапраўды быў выдадзены, але праблема ў тым, што ў яго пашпарце ёсць нейкі ўкладыш, і яго нумар не супадае ад нумарам пашпарта. Відаць, з-за гэтага яго і затрымалі. А таксама яны даслалі дакумент, які замяняе пашпарт, і па якім можна выехаць у любую краіну”.

Праваабаронцы хацелі даслаць свае копіі ў памежную службу, аднак там адказалі, што ва ўсім разбяруцца самі. Колькі часу гэта можа заняць, і калі Гі Франсуа Тукама выпусцяць з ізалятара на Акрэсціна, пакуль невядома. Аднак найгорш за ўсё тое, што спартсмен хутчэй за ўсё не разумее, што з ім адбываецца. Ніякага французскамоўнага адваката яму не далі, кажа Валянцін Стэфановіч. 

Валянцін Стэфановіч: “Праблема ў тым, што трэба валоданне французскай мовы. Таму што, наколькі я разумею, ён французскамоўны. На жаль, адвакатаў, якія размаўляюць па-французску няма. А яму вельмі важна было б патлумачыць, што з ім. Таму што я баюся, што ён не разумее, што здарылася. Ён сядзіць там у жахлівых умовах і вар’яцее”. 

У самім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе знаходзіцца камерунец, каментаваць справу з адвакатам адмовіліся. А намеснік начальнік ізалятара Андрэй Патапюк паведаміў Еўрарадыё, што спартсмен адчувае сябе вельмі добра.

Андрэй Патапюк: “Па тэлефоне я такой інфармацыі не даю. Ён у нас утрымліваецца, самаадчуванне выдатнае”. 

Сёння адзіная сувязь Гі Франсуа Тукама з светам ― гэта лісты ягонай дзяўчыны, якія яму перадаюць праваабаронцы.

Фота: gettyimages.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі