Камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі зламаў пазваночнік у ДТЗ

Камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі зламаў пазваночнік у ДТЗ

У аўтамабільнай аварыі ў Мурманскай вобласці цяжкія траўмы атрымаў камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі (ПДВ) Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў, перадаюць расійскія СМІ. 

Аўтакатастрофа адбылася ўдзень 15 верасня, але журналісты пра яе даведаліся толькі ўвечары 19-га. У мікрааўтобус генерала, які ехаў у картэжы ў суправаджэнні машын ваеннай аўтаінспекцыі, урэзаўся аўтамабіль "Шэўрале Ланас". Мікрааўтобус перакуліўся.

55-гадовага генерал-палкоўніка ў цяжкім стане, з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам пазваночніка даставілі ў рэанімацыю шпіталя Паўночнага флота. 

Таксама траўмы атрымалі іншыя пасажыры мікрааўтобуса. Намеснік Сердзюкова генерал-маёр Уладзімір Качаткоў атрымаў шматлікія пераломы. Траўмы ёсць у памочніка камандуючага і яго ад'ютанта. У кіроўцы мікрааўтобуса — невялікія ўдары.

34-гадовы жыхар Мурманска, які быў за рулём "Шэўрале", ад траўмаў, атрыманых пры ДТЗ, памёр у машыне хуткай дапамогі. Лекары шпіталізавалі яго жонку з цяжкімі траўмамі. У аўтамабілі былі таксама два іх сыны — 16 і 17 гадоў, яны атрымалі невялікія ўдары.

Дарэчы, Сердзюкова называюць адным з асноўных арганізатараў акупацыі Крыма. У 2014 годзе ён служыў першым намеснікам камандуючага войскамі Паўднёвай вайсковай акругі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі