Каля Рагачова п'яны пасажыр выкінуў кіроўцу з аўто і ўгнаў яго машыну

Гісторыя, вартая Кустурыцы, адбылася ў Гомельскай вобласці. 27 верасня двое калег вярталіся на аўтамабілі "Мерсэдэс" пасля працы дадому, у Мазырскі раён. 40-гадовы пасажыр у дарозе вырашыў расслабіцца і выпіў. Пасля алкаголю яго, верагодна, пацягнула на подзвігі, таму каля вёскі Доўск Рагачоўскага раёна пасажыр сілай высадзіў 46-гадовага кіроўцу з аўто і павёў яго сам, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама

Відавочцы затэлефанавалі ў аператыўна-дзяжурную службу Рагачоўскага РАУС і паведамілі, што па аўтадарозе Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы едзе грузавы аўтамабіль і віхляе па ўсёй дарозе. 

Каля 16-й гадзіны супрацоўнікі ДАІ заўважылі аўтамабіль у вёсцы Крыстаполле. Пабачыўшы даішнікаў, кіроўца спыніўся.

На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Дарэчы, выявілася, што сёлета ў ліпені мужчыну пазбавілі пасведчання кіроўцы за кіраванне транспартам у нецвярозым стане.

Акрамя таго, на няўдалага ўгоншчыка пачалі крымінальную справу за крадзеж. Самога яго затрымалі.