Вы тут

"Калі кажуць, што ў мяне прыгожая попа, мяне гэта не абражае"

Фота Еўрарадыё

Харасмент — дамаганне, парушэнне асабістай прасторы чалавека сексуальна-афарбаванымі дзеяннямі, розныя формы псіхалагічнага ціску. Мы пагутарылі з мінчукамі пра, здаецца, тыповыя сітуацыі ў жыцці: ці бачаць яны ў іх прыніжэнне і абразу? Глядзіце, што яны адказалі!

"Калі заляцанні неістотныя, я б не хацеў караць за іх чалавека"

Сяргей, піяршчык, 28 гадоў

Калі ў групе 25 дзяўчат і 2 хлопцы, і дзяўчаты вешаюцца на гэтых хлопцаў — гэта не флірт і не дамаганне, а пытанне выхавання. Калі нехта ідзе мне насустрач, ўсміхаецца і падміргвае — гэта прыкмета добрага настрою і сімпатыі. Я ўзаемна ўсміхнуся і падміргну. Сімпатыя можа перайсці ў дакучлівасць на нейкім прыватным ці свецкім мерапрыемстве пасля бакала віна. Але ніяк не на вуліцы, калі табе нехта ўсміхнуўся. 

Калі заляцанні неістотныя, калі гэта не тэрор, кшталту таго, які адбываецца ў Амерыцы, то не, я б не хацеў караць за іх чалавека. Будзе адпушчаны.

Я ніколі не ішоў на вымушаныя сексуальныя адносіны. Але былі выпадкі, калі жанчыны, старэйшыя за мяне гадоў на 10, звярталі на мяне ўвагу, і ў нейкіх камандыроўках рабілі дакучлівыя крокі. Але я стаўлюся да гэтага па-філасофскіу, і разумею, што нехта не замужам, у некага няма дзяцей, і, магчыма, некаму не хапае мужчынскага цяпла. Пайсці на такія адносіны можна толькі дзеля забавы. Іншых прычын я не бачу.

 

"Я б хацела пазбегнуць кампліментаў пра прыгожыя грудзі"

Кацярына, студэнтка, 19 гадоў

Розныя настойлівыя дзеянні, якія парушаюць межы асабістай прасторы чалавека, — гэта дамаганне. Але калі ва ўніверы дзяўчаты кладуць галаву на плячо хлопцам, з якімі вучацца — гэта флірт.

Камплімент — гэта калі мне прыемна. Напрыклад, калі падыдзе хлопец і скажа, што ў мяне прыгожыя вочы — я ўспрыму гэта як камплімент. Калі скажа, што ў мяне прыгожыя грудзі, то гэта дакучлівасць. Мяне ўвогуле складана абразіць, бо я вельмі талерантна стаўлюся да людзей і магу ўсё на свеце зразумець. Але я б хацела пазбегнуць кампліментаў пра прыгожыя грудзі. Мне падаецца, што гэта лішняе.

Я б карала за прычыненне фізічнай шкоды. То бок, калі б да мяне дакраналіся, калі я не хачу, калі б мяне прымушалі нешта рабіць, калі б мне адпраўлялі фота інтымнага характару. Я думаю, што людзі робяць зло не таму, што яны хочуць яго зрабіць, а проста па няведанні. Калі ім тлумачыць, чаму так рабіць не трэба, то яны зменяць сваю пазіцыю.

 

"Калі б мне гэта сказаў мужчына, у мяне б узніклі пытанні да гэтага чалавека"

Андрэй, менеджар, 30 гадоў

Дзяўчына скочыла на каленкі хлопцу, з якім вучыцца — гэта ўсё ж флірт. Калі я не хачу падобнай увагі, то заўсёды магу сказаць, што не, гэта мая тэрыторыя, і мне гэта не падабаецца. Калі я вучыўся ва ўніверы, у суседняй групе быў хлопец. Спачатку ён карыстаўся такой увагай дзяўчат. А потым яму гэта дакучлівасць надакучыла і ён забраў дакументы.

Што можа прыняць адзін чалавек, не можа прыняць іншы. Я б караў за псіхалагічны ціск. Напрыклад, калі дырэктар кажа сваёй сакратарцы: "Ці ты са мной пераспіш, ці будзеш звольненая". Але я ў стане сам разабрацца з праблемамі падобнага кшталту. 

Калі мне кажуць, што ў мяне прыгожая попа, мяне гэта не абражае. Але калі б мне гэта сказаў мужчына, у мяне б узніклі пытанні да гэтага чалавека. Калі б начальніца, я б не ўспрымаў гэта як дамаганне. Хіба што, падумаў: "А з чаго раптам?". 

 

"Камплімент і намёк на секс — гэта ўсё пра секс"

Таня, псіхолаг, 34 гады

Хлопцы ў жаночым калектыве адразу аказваюцца лідарамі, і дзяўчаты імкнуцца быць бліжэй да лідараў. Тое, што яны на іх вешаюцца, гэта не флірт, а метад дасягнення нейкага камфортнага стану для сябе ў групе.

Камплімент і намёк на секс — гэта ўсё пра секс. Галоўнае, як ты гэта падаеш. Калі груба, прамалінейна і па-хамску, рэакцыя будзе адпаведная... Я, напэўна, сама магу за сябе пастаяць у нейкі момант. Але калі фізічна немагчыма гэтага зрабіць, то, вядома, хачу, каб такі чалавек быў пакараны.

Я не ўяўляю, якія могуць быць прычыны, каб я магла пагадзіцца на вымушаны секс. Проста таму, што ён сімпатычны? Гэта далёка не прычына. Я не выбіраю ў сваім акружэнні людзей, якія маглі б мне такое прапаноўваць. Але людзі ідуць на гэта з-за нізкай самаацэнкі і недастатковай веры ва ўласныя сілы.

 

"Самая вялікая праблема ў тым, што ў флірце мы не навучыліся казаць "стоп""

Філіп, музыка, 49 гадоў

Дзяўчаты скачуць хлопцам на рукі? Гэта нармальныя паводзіны. Калі вы ў адной групе, калі адзін аднаго ведаеце, нічога страшнага ў гэтым няма. Мне падаецца, што самая вялікая праблема ў тым, што ў флірце мы не навучыліся казаць "стоп". Трэба сказаць "стоп", і тады становяцца зразумелымі межы.

У Крымінальны кодекс я б упісаў працяг дакучлівага дзеяння пасля канкрэтнага абазначэння мяжы. То бок вы сказалі: "Стоп", але гэта не падзейнічала. Тады ў межах закона можна патрабаваць яго пакараць. І яшчэ важны момант: трэба, каб гэта можна было даказаць. Абвінавачваць мы можам каго заўгодна. 

Мне падаецца, казаць можна ўсё што заўгодна, асабліва, калі ты ведаеш чалавека і разумееш, як ён на гэта будзе рэагаваць. Калі мне нехта будзе казаць камплімент пра знешнасць, я буду бянтэжыцца. Я не прызвычаіўся, каб мяне хвалілі.

У маім жыцці не было праблем з сексуальнымі дамаганнямі. Былі людзі, якія мне прапаноўвалі такія адносіны, але я заўсёды казаў не, маўляў, у мяне ёсць на тое прычыны, прабач. Але калі ты ўступаеш у гэты кантакт, хутчэй за ўсё, табе гэты чалавек не брыдкі. Альбо ідзеш дзеля Оскара!

 

"Дзяўчына вешаецца на хлопца? Гэта дамаганне! Гэта непрыгожа!"

Света, спявачка, 49 гадоў

Дзяўчына вешаецца на хлопца? Гэта дамаганне! Гэта непрыгожа! Думаю, не ўсе дзяўчаты на такое здольныя. Я так не рабіла. 

Калі бачу, што нехта некага груба і нахабна лапае, то заўсёды ўмешваюся. Аднойчы нават ледзь у вока не атрымала. Гэта патрабуе пакарання, і такі артыкул я б увяла. Але на першы раз даравала б — усякае бывае. Чалавек ад комплексу непаўнавартаснасці можа памыліцца. 
Нашы вушы, натуральна, хочуць чуць прыгожыя фразы, кампліменты. Але мусіць быць мяжа. Калі малазнаёмы чалавек кажа пра маю прыгожую попу, гэта дзіўна і мяне гэта насцярожвае. Хаця я сабе падабаюся, і, мяркую, што ён мае рацыю. Але мы ж мала знаёмыя.  

Паміж першым і другім мужамі ў мяне былі розныя рамантычныя адносіны з мужчынамі. Але нейкіх яўных схіленняў да інтыму не было. Я выбірала! Не ведаю, дзеля чаго жанчына можа быць вымушаная пайсці на вымушаныя адносіны. Дзеля грошай? Дзеля помсты былому? Дзеля кар'еры? Магчыма, і са мной такое адбывалася. Я, напэўна, пра гэта тады не здагадвалася. 

Галоўнае

Выбар рэдакцыі