Калі беларускія алергікі ўздыхнуць з палёгкай?

Валянціна Шалабода. Фота: Onliner.by 
Валянціна Шалабода. Фота: Onliner.by 

Канец мая выдаўся цяжкім для беларускіх алергікаў. Вецер прынёс да нас бярозавы пылок з Фінляндыі і з поўначы Расіі. Бярозавыя пылок і сам па сабе ― моцны алерген. А сёлета з-за халоднай вясны бяроза "затрымалася" і квітнее адначасова з дубам, хвойнымі дрэвамі і азіммымі травамі.

У Беларусі на ўліку дактароў стаць каля 65 тысяч чалавек, якія пакутуюць ад розных відаў алергіі. Кажуць, што на самой справе, алергікаў у разы больш, бо ў свеце ад палінозу (алергіі на пылок) пакутуе кожны шосты. Але хтосьці не звяртае ўвагі на раздражняльныя сімптомы, а хтосьці звязвае іх з іншымі хваробамі.

На ўсіх гэтых людзей у Беларусі ёсць адна аэрабіялагічная станцыя Bymins Minsk і адзін спецыяліст-палінолаг Валянціна ШалабодаВалянціна Леанідаўна ўжо на пенсіі, але працягвае вывучаць ўзоры пад мікраскопам. У размове з Еўрарадыё яна ўвесь час паўтарае слова "пыліць": у свеце звычайных людзей дрэвы квітнеюць, а ў свеце тых, хто пакутуе ад паліноз ― пыляць, насычаючы паветра алергенамі.

"Масквічы пачалі турбавацца"
 

Валянціна Шалабода: Звычайна самае пільнае назіранне вядзецца за бярозай, калі яна "пыліць", за травой і за палынам. Палын ― у канцы лета. Вось, гэта самыя небяспечныя моманты для алергікаў. У гэтым годзе на бярозе было мала пылковых каташкоў, і пылку было мала. У Беларусі яна пачала пыліць дзесьці з 10 красавіка і скончыла 4-5 мая. Усё гэта ішло ў час дажджоў, таму алергікі нагрузкі не адчувалі.

Еўрарадыё: Чаму сітуацыя пагоршылася?

Валянціна Шалабода:
Паўночны вецер пачаў прыносіць пылок з бяроз, якія квітнеюць у Фінляндыі і на поўначы Расіі. Гэта называецца "атмасферныя пераносы". Масквічы сталі турбавацца. У іх ёсць сайт "Аллерготоп" і мабільная праграма "Пылок Club", у якой людзі могуць не толькі глядзець, што пыліць, але і паведамляць пра сваё самаадчуванне. Гэта значыць, існуе вось такая двухбаковая сувязь. І вось, быццам бы алергенаў у паветры быць не павінна, а алергікі пішуць, што пачынаюць адчуваць сябе горш.

Еўрарадыё: Чаму прыборы не могуць выявіць алерген раней, чым ён пачынае ўплываць на людзей?

Валянціна Шалабода:
У нас стаяць аднолькавыя прыборы. І яны, і я ― мы здымаем ўзор раз на тыдзень. А людзі адчуваюць змены адразу. Часта мы толькі заднім чыслом можам растлумачыць, што адбываецца.
 

"Такая сітуацыя ўзнікла ўпершыню за 11 гадоў назіранняў"
 

Еўрарадыё: Цяперашняя сітуацыя звязаная з тым, што вясна была халоднай?

Валянціна Шалабода: Халодны час усё замарудзіў. Быццам бы цвіценне пачалося рана: і алешына, і ляшчына пачалі пыліць ў сакавіку. Але з-за халоднага і дажджлівага надвор'я ўсё замарудзілася. Звычайна пыленне бярозы нават у паўночных раёнах заканчваецца да сярэдзіны мая. А цяпер, у 20-х чыслах, пылок панесла ў Беларусь. І далей на еўрапейскую тэрыторыю.

Когда белорусские аллергики вздохнут с облегчением?
Надзейны спосаб пазбавіцца ад алергіі. Фота: lucomore.livejournal.com

Еўрарадыё: Але ж алергікі ўжо даўно павінны былі прызвычаіцца да цвіцення бярозы і навучыцца спраўляцца з ім.

Валянціна Шалабода:
Сёлета бяроза "затрымалася" і цвіце адначасова з дубам. А яны ніколі не супадаюць! Упершыню за 11 гадоў назіранняў ўзнікла такая сітуацыя! Бяроза адносіцца да самага высокага, пятага класу алергенаў. Дуб ― трэці клас. І яшчэ, калі параўноўваць з Расіяй, у нас раней "пачынаецца" раслінны пух. І не толькі таполевы. Пух і ад дзьмухаўцоў, і з вярбы. І ў гэты ж час, у канцы траўня, пачынаюць пыліць азімыя на палях. Яшчэ вярбы, і ў пачатку чэрвеня іх будзе шмат. Культурная трава таксама лічыцца моцным алергенам. Яны ў горад не моцна пранікаюць, але выязджаць у прыгарадную зону бывае небяспечна.

Каб абараніць сябе і каб лепш сябе адчуваць, людзі, якія пакутуюць ад палінозу, імкнуцца на час пылення сваіх алергенаў з'ехаць з Беларусі. Як правіла, едуць на поўдзень, да мора ― там да гэтага часу звычайна дрэвы ўжо заканчаюць пыленне.
 

Еўрарадыё: Якія рэкамендацыі можна даць тым, хто нікуды не з'ехаў?

Валянціна Шалабода: Сімптомы палінозу ― чханне, насмарк, з вачэй цякуць слёзы. Агульная рэкамендацыя ―часцей мыцца. Прамываць вадой рукі, вочы, нос, вопратку. Часцей рабіць у кватэры вільготную ўборку, не адчыняць вокны, і вельмі важна не адкрываць вокны ў машынах. І яшчэ ― у кожнага алергіка ёсць свой лекар, які выпісвае яму прэпараты. Дык вось, не ігнараваць гэтыя прэпараты.
 

Еўрарадыё: Ці ёсць сэнс запісацца да ўрача?

Валянціна Шалабода:
Падчас інтэнсіўнага пылення лекары дрэнна могуць вызначыць алерген. Звычайна ў бальніцу кладуць восенню ці зімой, калі алергенаў у паветры няма. Гэта так званы перыяд рэмісіі. Тады робяць тэставыя ўколы і вызначаюць, на што ёсць рэакцыя. Калі гэта рабіць цяпер, усё змяшаецца.Чалавек адным будзе дыхаць, іншае яму будуць калоць... Такія даследаванні робяць у спакойны час года.
 

Моцны дождж палепшыў бы абстаноўку
 

Еўрарадыё: таполевы пух ― вялікая праблема для алергікаў?

Валянціна Шалабода: Сам па сабе раслінны пух ― гэта не алерген. Але ён драпае і раздражняе слізістую абалонку. Трапляе ў вочы, у нос, і абарона парушаецца.Таму што наша слізістая ― гэта наша абарона. Ад яе якасці залежыць, прымаем мы алерген ці не. А калі слізістая ўжо падрапаная пухам, то, хутчэй за ўсё, алергены будуць ўздзейнічаць мацней.

Еўрарадыё: То бок тапаліны пух памяншае антыалергенны імунітэт?

Валянціна Шалабода:
Не тое, што імунітэт... Імунітэт ― гэта, хутчэй, хімічная абарона арганізма, калі на алерген выпрацоўваюцца спецыфічныя бялкі. Гаворка ідзе пра механічную абарону.

Когда белорусские аллергики вздохнут с облегчением?
Валянціна Шалабода. Фота: Onliner.by

Еўрарадыё: Калі ўсё гэта скончыцца, і алергікі змогуць у літаральным сэнсе уздыхнуць спакойна?

Валянціна Шалабода:
Цяпер прагназуюць дажджы, але вось я гляджу ў акенца ― хмары праходзяць, а дажджу няма. А калі б прайшоў добры моцны дождж, абстаноўка б палепшылася. Я жыву ў прыгараднай зоне, у пасёлку Сосны. І з майго акна бачная жаўтавата-шэрая смуга ад пылку хвоі, бо хвоя таксама пыліць. Сам па сабе пылок іглічных дрэў ― не алерген, але яго выпрацоўваецца вельмі шмат, і ён дадаткова забруджвае паветра, асядае на дарогу. Машына праязджае ― пылок падымаецца разам з пылам і іншымі забруджваннямі, якія атрымаў на зямлі.

 

Палінолагі пераходзяць у Facebook
 

Еўрарадыё: То бок ўсё лета ў алергікаў праблемы?

Валянціна Шалабода: Кожны год трэба весці маніторынг. Калі гэтага не будзе, мы не будзем ведаць заканамернасцяў. Да прыкладу, у Маскоўскім універсітэце назіранні вядуцца ўжо 20 гадоў. І там заўважалі, што бяроза пыліць праз два гады. Два гады праходзяць з нізкай канцэнтрацыяй пылку, а потым ― ўсплёск. Але ў апошні час моцныя ўспышкі назіраюцца праз год. У гэтым годзе па ўсіх лічбах пыленне павінна было быць слабым. Але, адкуль жа мы ведалі, што да нас прынясе пылок з поўначы? Атрымалася вось так.

Еўрарадыё: Надвор’е непрадказальнае.

Валянціна Шалабода:
Таму назіранні важна весці пастаянна. Але, на жаль, у Беларусі толькі адна станцыя ― у Мінску, якая так працуе. І тое, я ўжо на пенсіі. Дарэчы, мы з Масквой і Санкт-Пецярбургам ўсе разам перайшлі на Facebook. І немцы таксама ў "Фэйсбуку" даюць інфармацыю пра тое, калі ў іх пікавыя сітуацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі