“Калі б Немэн не з’ехаў, не прыехаў бы Мулявін”

Цягам двух дзён, 14 і 15 лютага, падчас 12 фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ” беларускія музыкі, мастакі, перформеры, інсталятары, акцёры і аматары сучаснага мастацтва ўзгадвалі асобу і творчасць Чэслава Немэна. Такім чынам частка “ДАХу” - арт-праект “Ахвяры мастацтва” адзначыў чарговы дзень нараджэння знакамітага польска-беларускага рок-авангардыста, якому 16 лютага мусіла споўніцца 72 гады.

Ідэёлаг вечарыны Зміцер Юркевіч

Імпрэза памяці Чэслава Немэна ўяўляла сабой канцэрт-спектакль, на сцэне якога час ад часу з’яўляліся гурты, паэты, акцёры. Кожны з іх прадстаўляў свайго Немэна, сваё разуменне асобы вялікага музыкі і праводзіў паралелі з яго творчасцю.

“Па-першае, Нэмэн нам блізкі тым, што ён, як і мы, цягнецца да каранёў. Яны не даюць яму спакою, ён заўсёды пра іх думае, – кажа лідар гурта “Джамбібум” Наста Хмель. – А па-другое, гэта вельмі філасофскі творца: не толькі музыка, а яшчэ і мастак, і ўвогуле вялікі эксперыментатар. Нас таксама цягне такая штука. Можа мы робім гэта ў сваёй плыні, але немэнаўскае імкненне да эксперыментаў нешта мяшаць, нешта шукаць вельмі блізкае нам. Мы гэта вельмі любім”.

Апроч сваіх песень, гурт “Джамбібум” выканаў на імпрэзе каверы на знакамітую “Спадчыну” Лучанка-Купалы і “Dziwny jest ten swiat” – песню –маніфест Чэслава Немэна 1967 года, якая прынесла яму шырокую вядомасць. Вядучы імпрэзы мастацтвазнаўца Яўген Шунейка кажа, што дазволіўшы Немэну з’ехаць, беларусы страцілі прарока.

Яўген Шунейка: “Страцілі, натуральна, прарочы магутны музычны талент. Я калі гляджу на яго асобу, яго вобраз, дык ён мне падаецца новазаветным новым прарокам. Страцілі вялікую сілу творчага прыклада, які дазваляў ісці да новага, сучаснага разумення ролі творчай асобы ў развіцці культуры і ўсіх станоўчых грамадскіх змен”.

Яўген Шунейка

Леанід Нарушэвіч, гурт якога “Князь Мышкін” таксама не абмінуў імпрэзу сваёй увагай, лічыць, што менавіта дзякуючы эміграцыі Немэн стаў Немэнам.

Леанід Нарушэвіч: “Гэта добра, што ён у свой час з’ехаў з вялікай колькасцю палякаў у Польшчу, бо тут наўрад ці развіўся яго талент да сусветнай зоркі. Ён мне проста падабаецца як спявак. У ім ёсць такі шарм, ён выбітны авангардыст, якога прыемна і паслухаць, і паглядзець”.

Удзельнікі “Князя Мышкіна” Леанід Нарушэвіч і Віктар Сямашка аднойчы наведалі радзіму Чэслава Немэна – вёску Старыя Васілішкі, што на Лідчыне, размаўлялі з дзедам, які памятае Немэна і яго сям’ю і ўпэўніліся, што дзякуючы мясцовым ксяндзам памяць пра выбітнага земляка будзе жыць.
Віктар Сямашка:

З "Князем Мышкіным" выступіла спявачка Ірэна Катвіцкая(гурт "Акана"). Музыкі выканалі адну з песень Немэна

Цікава, што асоба Немэна ў беларускіх музыкаў асацыюецца з асобай Уладзіміра Мулявіна, маўляў, калі б Немэн ствараў на Радзіме, сюды наўрад ці лёс прывёў яшчэ аднаго творцу з падобнай сілай таленту.
Віктар Сямашка: “Цікавыя вельмі паралелі, дарэчы, з Мулявіным. Многія заўважаюць што, напэўна, калі б Немэн не з’ехаў, Мулявін бы не прыехаў. А так неяк раўнавага захавалася, таму што ў іх лёсах шмат падобнага: адзін з’ехаў у Польшчу і стаў там знакамітым, а другі – з Урала ў Беларусь”.

Віктар Сямашка

Нагадаем, Чэслаў Немэн пакінуў Беларусь у 19-гадовым узросце. Памёр у 2004 годзе ў Варшаве, стаўшы вядомым рок-авангардыстам, творчасць якога паўплывала не на адно пакаленне.

П.С.: У імпрэзе таксама ўзялі удзелі Zartipo, Exit to Exist, Zorka Ensemble, тэарт Пер-Лашэз і Тэатр псіхічнае нераўнавагі, паэт Ілля Сін і іншыя.

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі