Кактэйль "Глобус на пляжы" і замежныя госці: што будзе на фестывалі "Прадмова"

Кактэйль "Глобус на пляжы" і замежныя госці: што будзе на фестывалі "Прадмова"

У наступны чацвер, 4 красавіка, ў Мінску стартуе Фестываль інтэлектуальнай кнігі "Прадмова". Беларускія пісьменнікі, крытыкі і інтэлектуалы будуць прэзентаваць свае кнігі, узнагароджваць адзін аднаго прэміямі, весці майстар-класы і лекцыі.

Замежныя госці: фінская пісьменніца Софі Оксанен, пісьменнік Віктар Ерафееў і інтэлектуал Томас Венцлава.

З замежных гасцей на фестывалі выступяць расійскі пісьменнік і літаратуразнаўца Віктар Ерафееў, магчыма, вядомы беларускаму чытачу сваім раманам "Руская прыгажуня", і літоўскі паэт і інтэлектуал Томас Венцлава.

Таксама на фестываль завітае фінская пісьменніца Софі Оксанен. Яна пісьменніца, публіцыстка, феміністка, удзельніца ЛГБТ-руху. Творы Софі атрымалі шмат прэмій і ўзнагарод, у тым ліку Літаратурную прэмію Шведскай акадэміі, яшчэ вядомую як "Малая нобелеўская прэмія". Софі Оксанен выступіць у Мінску і закране тэму "Месца літаратуры ў постсавецкім грамадстве".

Кактэйль "Глобус на пляжы" і замежныя госці: што будзе на фестывалі "Прадмова"
Софі Оксанен

Дыскусіі і круглыя сталы

Плануецца больш за дваццаць самых разнастайных круглых сталоў і абмеркаванняў. Першая дыскусія будзе пра глабальнае пытанне: “Што ж такое беларуская літаратура?”. Яго будуць абмяркоўваць важныя сучасныя аўтары Альгерд Бахарэвіч, Людміла Рублеўская, Марыя Мартысевіч і Алесь Разанаў.

Таксама плануюцца дыскусіі на шэраг іншых пытанняў: ці ўплываюць на пісьменніка-гуманітарыя дакладныя навукі, пра што нельга пісаць дзіцячым аўтарам, як развіваецца жаночая літаратура, што звязвае пісьменніка і ўладу, якім чынам раман ператвараецца ў спектакль, і гэта толькі малая частка пытанняў, якія будуць абмяркоўваць на фестывалі.

З поўнай праграмай можна азнаёміцца на сайце фестывалю "Прадмова".

"Ноч кнігі" з вершамі і літаратурнымі кактэйлямі

У пятніцу, 5 красавіка, літаратурнае шоў працягнецца за поўнач. На бары крэатыўнага хаба ОК16 будуць наліваць "літаратурныя" кактэйлі. Можна будзе замовіць "Белую муху", і не дай божа, вы будзеце мужчынам, ці выпіць "Глобуса на пляжы", які трэба піць, адначасова здымаючы апошнія трусы. Рэцэпты кактэйляў і шотаў аўтарства беларускіх пісьменнікаў арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

Кактэйль "Глобус на пляжы" і замежныя госці: што будзе на фестывалі "Прадмова"
Спектакль "Радзіва Прудок"

Тэатральныя праекты

У гэтым годзе фестываль “Прадмова” выходзіць на тэатральную сцэну. Падчас фэсту ў ОК16 пакажуць дзве пастаноўкі. Спектакль “Родныя людзі?”, створаны лабараторыяй сацыяльнага тэатра ECLAB, заснаваны на інтэрв’ю з жанчынамі, якія перажылі хатні гвалт. П’еса “Ілюзіі” Івана Вырыпаева, увасобленая беларускай рэжысёркай Тацянай Траяновіч, — гэта паэтычная, светлая і пранізлівая гісторыя дзвюх сямейных пар, расповед пра каханне, сяброўства і давер.

У Купалаўскім тэатры пакажуць “Дзве душы” паводле аповесці пачынальніка беларускай філасофскай прозы Максіма Гарэцкага. А таксама “Радзіва Прудок” паводле кнігі папулярнага пісьменніка Андруся Горвата. Еўрарадыё распавядала пра пастаноўку ў рэцэнзіі: “"Ку" значыць “Купалаўскі”. Чаму ставілі Горвата, а атрымалася “Кін-дза-дза". Пасля спектакля гледачоў чакае абмеркаванне з аўтарам, рэжысёрам ды акцёрамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі