Каго падтрымае Еўропа на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі?

Калі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах былі ярка выяўленыя праеўрапейскія прэтэндэнты, напрыклад, Андрэй Саннікаў у 2010-м ці Аляксандр Мілінкевіч у 2006-м, якія карысталіся падтрымкай ЕС, то цяпер такіх кандыдатаў няма.

На думку польскага аналітыка, кіраўніка ўсходнееўрапейскага аддзела інтэрнэт-часопіса Kultura Liberalna Лукаша Ясіны, Захад зробіць стаўку не на кагосьці з дэмакратычных кандыдатаў, а на Аляксандра Лукашэнку. Бо пасля падзеяў ва Украіне еўрапейскія лідары баяцца зменаў у Беларусі і магчымай рэакцыі на іх з боку Расіі.

“Калі Лукашэнка зробіць некалькі крокаў насустрач ЕС, Еўропа падтрымае яго і не будзе рушыць створаную ім сістэму. Заходнім палітыкам не патрэбная цяпер нестабільная Беларусь. Там разумеюць, што нават калі Лукашэнка заўтра сыдзе, яшчэ невядома, хто прыйдзе на яго месца — празаходні палітык ці стаўленік Масквы. Еўрапейцам не патрэбныя рускія танкі ў Белавежскай пушчы”, — кажа польскі эксперт.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і кандыдат паліталагічных навук Павел Усаў. У інтэрв’ю сайту “Товарищ.online” палітолаг выказвае думку, што ў сённяшняй геапалітычнай рэчаіснасці Еўропа заплюшчыць вочы на любыя парушэнні, чым, фактычна, падтрымае Аляксандра Лукашэнку.

“Для Захаду стабільная дыктатура ў Беларусі значна больш прымальная, чым крывавыя змены ды непрадказальныя працэсы трансфармацыі, якія адбываюцца ва Украіне. Захад напалоханы ўкраінскімі падзеямі і гатовы прыняць дыктатуру ў Беларусі як належнае, як адзіную магчымасць існавання такой палітычнай сістэмы ў найбліжэйшай будучыні”, — лічыць беларускі эксперт.

А вось старшыня камісіі замежных справаў польскага Сейма Роберт Тышкевіч запэўнівае, што Еўрасаюз падтрымае менавіта дэмакратычных кандыдатаў, аднак чакае сумесных дзеянняў, якіх няма.

“У пытанні стратэгіі, якую апазіцыя прымае на выбарах, мы заўсёды казалі, што ў Мінску лепш ведаюць, што рабіць. Але мы чакаем скаардынаваных дзеянняў, а ў Беларусі адны за байкот, іншыя за ўдзел. І гэта праблема”, — заявіў польскі палітык.

Расія ўжо дакладна вырашыла, на каго зробіць стаўку. Пасол Аляксандр Сурыкаў адкрыта заявіў, што Расія падтрымае Аляксандра Лукашэнку.

"Выступаць наўпрост у агітацыйнай кампаніі мы не маем права, але падтрымліваць будзем Аляксандра Рыгоравіча. Я не кажу, што трэба помнікі ставіць, але ўдзячным гэтаму прэзідэнту Беларусь павінная быць. Ёсць складанасці на сёння перад краінай. Але ўлада ўжо паказала, што яна здольная пераадольваць цяжкасці",заявіў 10 чэрвеня расійскі дыпламат падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Хаця некаторыя палітолагі ўсур’ёз меркавалі, што Крэмль выставіць свайго кандыдата. На думку аналітыка Юрыя Дракахруста, Крэмль мог прапанаваць аналагам альбо крымскага Аксёнава, альбо данецкага Губарава.

“Праўда, варыянт Губарава наўрад ці магчымы — занадта мала часу. А вось варыянт Аксёнава… Які-небудзь намеснік старшыні аблвыканкама, былы міністр выходзіць: “Не магу маўчаць, руская душа баліць”. Чалавек, які прыйдзе і наўпрост скажа: “Беларусь — гэта Расія, гайда дамоў!”летась прагназаваў Юры Дракахруст.

Аўтар: Раман Усцінаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі