Качанава: СМІ раздзімаюць спрэчныя пытанні паміж Беларуссю і Расіяй
![Качанава: СМІ раздзімаюць спрэчныя пытанні паміж Беларуссю і Расіяй](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/ka4anava-2501.jpg.webp?itok=iKklcvOq)
Беларусь і Расія заўсёды былі і будуць блізкімі партнёрамі. З такой заявай кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава выступіла 25 студзеня падчас сустрэчы з калектывам Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, перадае БЕЛТА.
Супрацоўнікі камбіната спыталіся ў чыноўніцы пра адносіны Беларусі і Расіі на фоне праблемаў апошняга часу — у пастаўках харчавання, нафтагазавых пытанняў. "Сітуацыя, якая складваецца ў некаторых пытаннях, вядома, нас непакоіць. Бо мы працуем у рамках інтэграцыйных пагадненняў, якія падпісалі, і павінны іх прытрымлівацца. Беларусь заўсёды строга выконвала свае абавязкі ў дачыненні да сваіх партнёраў", — падкрэсліла Качанава.
Яна паведаміла, што гэтыя праблемы актыўна вырашаюцца. Літаральна ўчора, па яе словах, віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка быў у чарговай камандзіроўцы ў Маскве. Перамовы паміж Беларуссю і Расіяй па нафтагазавым пытанні працягваюцца.
Качанава абвінаваціла "асобныя СМІ" ў тым, што яны раздзімаюць пытанні, якія ёсць паміж краінамі, і напружваюць сітуацыю.