Вы тут

Качанава: неабходна агрэсіўная прафілактыка адносна ўжывання наркотыкаў

"Маці 328" у Наталлі Качанавай / БЕЛТА

24 кастрычніка кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава сустрэлася з актывісткамі грамадскай ініцыятывы "Маці 328" (з маці, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў). Размова працягвалася больш за дзве гадзіны. Як вядома, "Маці 328" выступаюць за лібералізацыю гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса. Качанава іх выслухала і паабяцала, што прапановы будуць "абмеркаваны і прааналізаваны". А пры неабходнасці будзе праведзена яшчэ адна сустрэча, інфармуе БЕЛТА.

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта гаварыла пра тое, што Аляксандр Лукашэнка ў курсе таго, што ўжо абмяркоўвалася на першай сустрэчы. Наталля Качанава заявіла, што неабходна агрэсіўная прафілактыка адносна ўжывання наркотыкаў.

"Чым больш пра гэтую праблему будуць ведаць дзеці, бацькі, настаўнікі ў школах, тым будзе больш эфекту ад гэтага, — гаварыла яна. — Трэба гаварыць і паказваць гэта, інакш не атрымаецца".

Са слоў удзельніц "Маці 328" вядома, што Качанава анансавала вялікую нараду з удзелам сілавікоў, суддзяў, спецыялістаў, на якой будзе абмяркоўвацца, як можна далей лібералізаваць артыкул 328 КК, інфармуе Радыё Свабода.

Удзельніцы сустрэчы / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.