J:морс зарадзілі Палац Спорту "Электричеством"!

11 снежня гурт "J:морс" прадставіў ў мінскім Палацы Спорту свой новы альбом "Электричество". Канцэрт, які два тыдні таму ледзь не адмянілі з-за непаразумення з тэлеканалам АНТ, прайшоў "на ўра" — дзве з лішкам гадзіны практычна цалкам запоўненая зала спявала разам з гуртом новыя песні і правераныя хіты Першы трэк "Электричество" прыхільнікі сустрэлі крыху стрымана — здавалася, і гурт, і гледачы "прыбвыкаюць" адзін да аднаго.  Хоць менавіта песню "Электричество" падчас міні-апытання Еўрарадыё фанаты "J:морс" назвалі хітом №1 у аднайменным альбоме.

"J:морс" выйшлі на сцэну ў касцюмах электрыкаў

Трохі разварушыць публіку змаглі "Мое солнце" і "Мамонов", пасля выканання якіх Уладзімір Пугач падзякаваў гледачам.

Уладзімір Пугач: "Дзякуй вам, што вы прыйшлі! Разам у нас усё атрымалася!"

Далей адна за адной прагучалі практычна ўсе песні з новага альбома, за выключэннем толькі кампазіцыі "Просто так" на вершы Барыса Штэрна. І публіка прымала іх "на ўра" — бясплатны выпуск альбома ў інтэрнэце зрабіў сваю справу.


Нельга не заўважыць, што гурт відавочна ўскладніў музычную мову, дадаў эпатажу, экспрэсіі. Упэўнены вакал Уладзіміра Пугача і адыход ад звыклых кампазіцыйных схем — "J:морс" гучалі дзёрзка з запалам.




У чарговы раз стала ясна, што прыход Паўла Трацяка пайшоў гурту на карысць, і зараз "J:морс" дакладна прадстаўляюць сабой цэласную і добра сыграную каманду. Несумнеўна, менавіта ён у немалой ступені "адказны"за драйв, якім гурт накрыў гледачоў у зале.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што творчасць "J:морс" у большай ступені разлічана на прыхільніц з прыгожай паловы чалавецтва, на канцэрце ў якасці салістаў выступіла і прыкладна раўназначная колькасць прадстаўнікоў мужчынскага полу.


Уладзімір Пугач заахвочваў такое выяўленне пачуццяў:

"Вы толькі што прысутнічалі  на рэпетыцыі гурта "J:морс", сябры, — пажартаваў Уладзімір Пугач пасля кампазіцыі "Весна-красна". — Давайце зараз тое самае, толькі разам".

Акрамя новых, але ўжо знаёмых па выкладзеным у інтэрнэт альбоме "Электричество" песень, адбылася і прэм'ера зусім новай кампазіцыі "Дождем". Яна стала адным з двух бонус-трэкаў на CD-версіі новага альбома, якая паступіла ў продаж у дзень канцэрту.





"Я зараз вам апішу сітуацыю, вы ўсе яе пазнаеце, хутчэй за ўсё". — прадстаўляе "Дождем" Уладзімір Пугач. — "Вось вы бачыце вочы чалавека перад сабой. І ў вас раптам у раёне сонечнага спляцення пачынае надзімацца паветраны шарык. І вы ўзлятаеце. Я без жартаў цяпер кажу. І гледзіце ў іх доўга-доўга, а потым разумееце, што жадалі б прама ў іх пасяліцца. Бывала такое?"

"Дааааааааааааа!" — дружна адказалі з залы.

Уладзімір Пугач: "Я спачуваю тым, у каго не было. Але мне чамусьці здаецца, што ва ўсіх было. Вось пра нешта такое песня".



"Дождем" стала, мабыць, самым драматычным момантам вечара — вельмі далікатная і сентыментальная, кампазіцыя бярэ за жывое кодай з радкамі "Ни на что не похоже быть с тобой рядом". Мабыць, гэта адзіная кампазіцыя "Электрычнасці", дзе Пугач не хвацкі, бесшабашны і дзёрзкі, а такі ўразлівы і рамантычны.

Кожную кампазіцыю суправаджала індывідуальная відэаінсталяцыя. На "задніку" сцэны  віселі два экраны, на якія праецыраваліся розныя візуальныя вобразы, сюжэты і кліпы, адмыслова створаныя для прэзентацыі "Электричества". І калі некаторыя з іх цалкам падыходзілі да зместу кампазіцыі, то  астатнія можна было разгадваць як рэбус.






Следам за "Дождём" "J:морс" перайшлі да правераных "баевікоў": "Монтевидео", "Беларускае золата", "Жыві", "Падай", "Апрель", "Веб-дизайн" і многія іншыя. Выканалі нават "Представительство Луны" і "Супермарио", якія не гучалі на канцэртах некалькі гадоў. Мора паднятых рук на танцпляцы, шчаслівыя твары, кветкі і падарункі музыкам. Напэўна, для любога артыста самае прыемнае відовішча — калі некалькі тысяч чалавек выконваюць яго песні.



На біс хлопцаў клікалі, найменей, хвіліны дзве. Закрывалі канцэрт "Не умирай" і "Айсберги". Усяго ж за дзве з лішнім гадзіны без антракта, прагучала 28 песень!



Пасля канцэрту задаволеныя і станоўча зараджаныя энергетычна прыхільнікі адзначалі рэкламу, якую гурт вывешваў на YouTube , і дадавалі, што канцэрты "J:морс" "рэдка калі могуць не спадабаецца".

"Хутчэй, ніколі!" —  кажа адзін з даўніх прыхільнікаў гурта. — "Мяне перапаўняюць эмоцыі і электрычнасць лезе з вушэй, з грудзей, адусюды. Гэта проста геніяльна і цудоўна! Сам альбом вельмі цікавы, і ў параўнанні з іх пачаткам, альбомам "Асарці" — гэта прарыў. "J:морс" — гэта лепшы беларускі гурт, ды і ў расійскім рэйтынгу, я думаю, ён заняў бы годнае месца".




"Ды і хадзіць на канцэрты "J:морс" нават раз у паўгода не надакучвае", — дадае другі. — "У іх кожных раз штосьці новае. У гэтым альбоме відавочны рост Пугача. Мне здаецца, што з "Электричеством" яны проста вырвалі ўвесь драйв, які назапасіўся ў іх за 10 гадоў і агалілі сваю душу".




Яшчэ адной "адметнай рысай" новага альбома прыхільнікі гурта назвалі тэксты.

"Новы альбом мне вельмі спадабаўся, у тым плане, што тэксты песень сталі вершамі. Што да музыкі — відавочнага хіта я не пачуў. Асабіста для мяне, і па музыцы, і па вершах хітамі маглі б быць "Беги" ці "Просто так" на словы Барыса Штэрна. І шкада, што "Просто так" не прагучала".


Па меркаванні ж большасці, гэта было "рэальна магутна". Брава, хлопцы. Першы "сольнік" на такой пляцоўцы — і аншлаг. І цалкам можа быць, што наперадзе — стадыёны!



Нагадаем, што аўтограф-сесія, прысвечаная выхаду CD "Электричество", адбудзецца 15 снежня ў краме "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга", вул.Сурганава 50). Пачатак у 18.00.

Фота: Яўген Ерчак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі