Італія святкуе 150-годдзе з дня аб’яднання краіны

У межах святкавання 150-годдзя з дня аб’яднання Італіі Амбасада Італіі ў Беларусі ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібіліятэкай прадстаўляе выставу "Спадчына ў фокусе аб’ектыва: 150 гадоў фатаграфіі італьянскіх аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА".

Да аб’яднання краіны ў 1861-м годзе Апенінскі паўвостраў быў падзелены на 8 дзяржаваў. Але іх агульнай рысай, акрамя мовы, можна лічыць спадчыну італьянскага мастацтва з яго унікальнай разнастайнасцю і прыгажосцю. Дзякуючы багаццю і значнасці сваёй культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыне, Італія валодае найбольшай колькасцю аб’ектаў ЮНЭСКА, прызнаных спадчынай чалавецтва ў свеце: 45 з 911.

Гэтыя аб’екты вельмі разнастайныя: пачынаючы з прыродных і вулканічных пейзажаў да помнікаў архітэктуры познаантычнага перыяду, Сярэднявечча, Рэнесансу і Барока і прамысловых пасёлкаў пачатку 20-га стагоддзя.

Цікава, што выставу "Спадчына ў фокусе аб’ектыва: 150 гадоў фатаграфіі італьянскіх аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА" пабачаць у многіх карінах свету, але беларусы маюць магчымасць наведаць яе аднымі з першых і менавіта падчас святкаванняў 150-годдзя аб’яднання Італіі.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі Арнальда Абэці зачытаў ліст і віншаванні, якія накіраваў у амбасаду Прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі Джорджа Напалітана.

Арнальда Абэці: "Сённяшні юбілей – гэта, перш за ўсё, цудоўная падстава, каб узгадаць тыя ідэалы, што натхнялі да змагання за нацыянальнае аб’яднанне Італіі. Разам з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі Італьянскай Рэспублікі ў нашай краіне і ва ўсім свеце сёння ў Мінску мы святкуем 150 гадоў аб’яднання Італіі, урачыста абвешчанага на першым паседжанні Італьянскага парламента 17-га сакавіка 1861 года ў Турыне - першай сталіцы аб’яднанага італьянскага каралеўства".

Выстава, арганізаваная пры дапамозе Міністэрства культурнага набытку і дзейнасці ў вобласці культуры, а таксама Міністэрствам замежных справаў Італіі, прадстаўляе 45 італьянскіх аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА на 205 гістарычных і сучасных фотаздымках са збору Цэнтральнага інстытута каталагізацыі і дакументацыі Міністэрства культурнага набытку і дзейнасці ў вобласці культуры Італіі, створаных на працягу 150-ці гадоў. Тут можна знайсці як гістарычныя кадры 50-х гадоў 19-га ст. і старадаўнія паштоўкі, так і аэраздымкі самых сучасных лічбавых фотаздымкаў.

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, культурныя сувязі паміж Беларуссю і Італіяй неразрыўныя яшчэ з часоў Францішка Скарыны.

Раман Матульскі: "Паміж нашымі краінамі тысячы кіламетраў адлегласці, але насамрэч мы вельмі і вельмі блізкія. І гэта сувязь прасочваецца цягам стагоддзяў. Думаю, многія з прысутных памятаюць, што наш зямляк, Францішак з Полацка ў свой час атрымаў дыплом доктара медыцынскіх навук менавіта ў Італіі, у Падуі.Зараз даследчыкі вагаюцца з адказам, ці былі знаёмыя два вялікіх чалавека свайго часу - Францішак Скрына і Леанарда да Вінчы, але бясспрэчна тое, што на старонках кніг Скарыны мы знаходзім адлюстраванне італьнскай культуры".

Гэтыя старажытныя сувязі паміж нашымі краінамі знайшлі адлюстраванне і працяг і ў нашы дні. Па словах Рамана Матульскага, нават будынак бібліятэкі мае форму ромбакубаактаэдра, якая была вынайдзеная і ўпершыню апісаная Леанарда Да Вінчы. А ў помніку-кнізе, які знаходзіцца на ўваходзе ў бібліятэку, кодавай мовай сімвалаў Да Вінчы напісана пасланне ў будучыню.

Разам з выставай фотаздымкаў аб’ектаў ЮНЭСКА у галерэі "Атрыюм" працуе і другая экспазіцыя – збор кніг па мастацтве выдавецкага дома Франка Марыя Рычы – аднаго з самых прэстыжных у свеце і вядомага, дзякуючы якасці друкаваных выданняў. А таксама тэкстамі, напісанымі мастацтвазнаўцамі з сусветна вядомым імем. Экспазіцыя прадстаўленая прыкладна 70-цю тамамі з розных кніжных серый.

Арнальда Абэці: "Хацелася б звярнуць вашу ўвагу на гістарычную серыю "Antichi Stati", якая тут прадстаўлена цалкам. Гэта серыя прысвечана непасрэдна тым дзяржаўным утварэнням, якія існавалі на тэрыторыі Італіі да яе аб’яднання".



 Выстава працягнецца да 10-га красавіка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі