Вы тут

Іран назваў "вінаватых" у арганізацыі пратэстаў у краіне

Фота: Reuters

Пратэстныя акцыі, якія цяпер адбываюцца ў Іране, арганізоўваюцца звонку замежнымі краінамі ў рамках "апасродкаванай вайны". З такой заявай выступіў сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана Алі Шамхані ў інтэрв'ю тэлеканалу Al Mayadeen, перадае РБК.

На думку Шамхані, пратэстныя кампаніі арганізоўваюцца праз сацыяльныя сеткі ўладамі такіх краінаў, як ЗША, Вялікабрытанія і Саудаўская Аравія. Ён падкрэсліў, што каля 27% хэштэгаў, накіраваных супраць Ірана, ішлі з боку Эр-Рыяда. Замежнае ўмяшанне, кажа прадстаўнік Ірана, нацэленае на тое, каб затармазіць развіццё краіны. Ён мяркуе, што беспарадкі мусяць скончыцца праз некалькі дзён.

Разам з тым Шамхані прызнаў, што адной з прычынаў вулічных пратэстаў стала незадаволенасць некаторых жыхароў краіны эканамічным становішчам. "Эканамічныя праблемы Ірана звязаныя з вайной, санкцыямі і некаторымі нашымі слабымі месцамі ў кіраўніцтве. Мы ў курсе гэтых праблем і разумеем, што яны могуць выклікаць незадаволенасць сярод насельніцтва", — дадаў ён. 

Масавыя пратэсты ў Іране праходзяць з 28 снежня. Людзі выходзяць на вуліцы з лозунгамі незадаволенасці высокімі коштамі на прадукты, беспрацоўем і карупцыяй. Пры сутычках загінулі ўжо як мінімум 12 чалавек. Улады Ірана прызналі гэтыя акцыі найбуйнейшымі з 2009 года. У краіне паспрабавалі абмежаваць доступ да месенджара Telegram і сацсеткі Instagram.