Інвестар, які набыў сядзібу: Паўтара года толькі праект узгаднялі

“Каля 10 сядзіб набылі: Падароск у Ваўкавыскім раёне, Савейкі ў Брэсцкай вобласці, Альшэва ў Мядзельскім раёне”, — пералічвае Еўрарадыё начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі сядзібы, якія ўжо набылі.

І дадае, што з большага ў сядзібах хочуць стварыць гасцініцы ды іншыя забаўлялкі для турыстаў.

Глядзім, што ж ужо зроблена ў тых сядзібах ды палацах. На сядзібе Хомінскіх у Мядзельскім раёне інвестар чатыры гады не можа распачаць будоўлю. Узгадняюць праект!

“Думалі, да чэмпіянату па хакеі будзе ўжо гасцініца, а ў выніку — толькі праект скончылі. Савет культуры паўтара года праект узгадняў”, — расказвае прадстаўнік расійскай кампаніі “Индустриально-консалтинговая группа” Віктар.

Ён цешыцца, што праект… прайшоў узгадненне. Таму ёсць надзея, што працы хутка пачнуцца.

Сядзіба Чапскіх у вёсцы Савейкі Ляхавіцкага раёна, якую набыла кампанія “Лада Гарант” за 200 тысяч долараў, таксама яшчэ не рэканструюецца.

“Праект праходзіць узгадненне, збіраюцца там гасцінічны комплекс будаваць”, — дзеляцца ў Ляхавіцкім райвыканкаме.

Ва ўласнасць фермерскай гаспадаркі “Багудзенкі” яшчэ ў 2010 годзе пераходзіць сядзіба Бутаўт-Андрэйкавічаў у Свіслацкім раёне. Але сёння сядзібу зноў аддаюць у райвыканкам.

“Мы знайшлі інвестара, але як яны даведаліся, што гэта помнік — адмовіліся супрацоўнічаць. Таму цяпер сядзіба зноў на продажы”, — тлумачаць у гаспадарцы “Багудзенкі”.

Спіс з 46 сядзіб ды палацаў выставілі на продаж яшчэ ў 2009 годзе. Атрымліваецца, што за чатыры гады набылі толькі дзесяць. Працы пачаліся хіба толькі ў палацы Валовічаў Гродзенскай вобласці, які перайшоў да санаторыя “Азёрны”.

сядзіба Бутаўт-Андрэйкавічаў у Свіслацкім раёне

палац Валовічаў Гродзенскай вобласці

Канюшні пры сядзібе Хомінскіх у Мядзельскім раёне

На галоўным фота -  палац Валовічаў Гродзенскай вобласці

Фота: myadel.info, tut.by, tio.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі