Інтэрнэт-крэдыторы прыдумляюць новыя схемы “лёгкіх крэдытаў”

Большасць нумароў тэлефонаў з сацсетак, па якіх можна было да 1 студзеня хутка пазычыць грошы, недаступныя ці па іх не адказваюць. Але не ўсе!

"Добры дзень. Мы крэдыты даём. Слухаю вас, — на тым баку проваду мужчына кажа, што я патрапіла ў фінансавую арганізацыю, "якая дапамагае падбіраць самыя лепшыя ўмовы па крэдытаванні і па займе". І тлумачыць мне такую схему:

"Крэдыты выдаюцца да 3-х гадоў з датэрміновым пагашэннем, узяць можна суму ад 5-ці мільёнаў. Калі бераце 5 мільёнаў і мы афармляем крэдыт на год, штомесячна давядзецца выплачваць 687 050 рублёў. Калі на два — каля 480-ці тысяч. На тры гады — у раёне 400 тысяч".

То бок, за год я мушу заплаціць каля 65%гадавых. А ў месяц — 5,4%.Калі ж я недобрасумленна пастаўлюся да сваіх абавязкаў, папярэджвае мужчына, мае дадзеныя будуць адпраўленыя ў Нацбанк. Праўда, назву фірмы, якая прапаноўвае крэдыт, у рэестры Нацбанка я не знаходжу.

Тэлефаную далей. Маладыя людзі, у якіх раней без праблем можна было пазычыць грошы пад "знакамітыя" 2%, цяпер прапануюць дзіўныя схемы пазычання праз растэрміноўку аплаты тэхнікі ці мабільных тэлефонаў.

Спрабую пазычыць 3 мільёны.

"Так, гляджу ў вас velkom падключаны? Колькі гадоў прыкладна? 10? Зараз падлічу, секунду..., — хлопец падбівае лічбы на калькулятары. — Ну, можна зрабіць недзе з аднаго тэлефона суму каля 2 мільёнаў 800 тысяч. Глядзіце, вы бераце ў растэрміноўку тэлефон, там першы ўнёсак 600 тысяч. Я аплачваю гэты ўнёсак і выкупаю тэлефон. У вас застаецца 2 800 на рукі. Штомесячна вам давядзецца плаціць у раёне 500 тысяч на 12 плацяжоў. Аплачваецца вельмі проста — кладзяце грошы на сім-карту з 1 па 5 чысло кожнага месяца. Вось і ўсё".

На пытанне, у чым выгада з падобнай здзелкі, малады чалавек кажа, што такім чынам тэлефон выходзіць танней і дадае, што па-іншаму цяпер пазыку ўзяць нельга, маўляў, з 1 студзеня магчымыя толькі растэрміноўка тэхнікай ці крэдыт у банку.

Паводле новых правілаў, пазычаць грошы фізічным асобам афіцыйна можа толькі ламбард. Але, заўважаюць у сталічнай сетцы ламбардаў Zaеm.by, кліентаў у іх больш не стала, маўляў, "людзі, якія бралі займы да заробку, і людзі, якія ходзяць у ламбард, — гэта розныя катэгорыі".

"Ёсць людзі, так, якія кажуць, што раней бралі "грошы да заробку" без закладу, але такія арганізвцыі закрыліся, і яны прыйшлі да нас ужо з закладам. Ноўтбук прынеслі ці планшэт. Але іх колькасць вельмі нязначная", — распавядаюць у Zaеm.by.

А вось мікрафінансавыя арганізацыі, якія яшчэ нядаўна маглі пазычаць грошы людзям абсалютна легальна, цяпер мусяць быць уключаныя ў рэестр Нацбанка і могуць даваць мікразаймы фізічным асобам якія маюць, напрыклад, статус рамесніка, гаспадара аграсядзібы ці ўласнай падсобнай гаспадаркі.

"Працы стала менш. Рамеснікаў у нас няма — шукаем — не знаходзім. На жаль, рамесніцтва не развітае, а для сельскіх жыхароў нашы займы занадта дарагія", — канстатуюць у Спажывецкім кааператыве фінансавай дапамогі "Сталічны клуб".

У Нацбанку справы з інтэрнэт-крэдыторамі называюць рызыкай і кажуць, што ў пытаннях пазыкаў лепш давяраць арганізацыям, якія ёсць у рэестры:

“Тыя арганізацыі, якія ёсць у нас у рэестры, яны правераныя. Калі арганізацыі ў спісе няма, значыць, альбо яна яшчэ не падала дакументы, альбо яна і не збіраецца іх падаваць”.

Фота з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі