Інтэрнэт-краме з нацыянальнай сімволікай "налічылі" парушэнняў на 80 тысяч

Інтэрнэт-краме з нацыянальнай сімволікай "налічылі" парушэнняў на 80 тысяч

У Брэсце адбываецца суд над інтэрнэт-крамай тавараў з нацыянальнай сімволікай "Князь Вітаўт". Праверкі, якія праводзіў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ), налічылі ў краме парушэнні амаль на 80 тысяч рублёў. Пра гэта супрацоўнікі "Князя Вітаўта" паведамілі ў сваім ТГ-канале.

У каментары TUT.by уладальнік крамы Алег Чапароў заявіў, што крама згаджаецца з парушэннямі на 20 тысяч рублёў. Але, па яго словах, суд можа прысудзіць да паловы той сумы, якую налічыў АБЭЗ.

Парушэнні, якія міліцыянты выявілі ў краме, звязаныя пераважна з перавозкай тавару, кажа Чопараў.

"Недзе не выпісалі сабе ўнутраную дакладную. Напрыклад, крама зачынілася ў афлайн, пераехала ў анлайн, перавезлі ў офіс тавар, а накладную не выпісалі. Некаторыя пастаўшчыкі, па старой памяці, пазначалі ў накладных як "пункт разгрузкі" нашу краму на Савецкай (там крама працавала да канца жніўня 2020 года. — TUT.by). Некаторыя пастаўшчыкі пісалі мой юрыдычны адрас, а не адрас офіса", — дзеліцца падрабязнасцямі ўладальнік крамы.

Суд абвясціў перапынак да 11 лютага.

Крама "Князь Вітаўт" доўгі час працавала ў Брэсце на вуліцы Савецкай. Аднак улетку 2020-га ў іх пачаліся праблемы. Спярша ўладальніка папярэдзілі за продаж маек з выявай аўтазака і надпісам Welcome to Belarus. На думку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, гэта стварае "негатыўны вобраз краіны, фармуе ілжывыя ўяўленні пра яе". 

6 жніўня ў краму прыйшла праверка АБЭЗ, якая канфіскавала бел-чырвона-белыя сцягі, белыя бранзалеты і кепкі з "Пагоняй". Напрыканцы жніўня уладальнік памяшкання не працягнуў дамову арэнды з крамай. Пасля гэтага "Князь Вітаўт" перабраўся ў інтэрнэт. Цяпер уладальнік плануе дапрацаваць да канца лютага і зусім спыніць працу. Як кажа Алег Чапароў, потым усё адно тавары з сімволікай будуць лічыць несанкцыянаваным пікетам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі