Стала вядома, у чым абвінавачваюць Нальгіева, якога Беларусь перадала Расіі

Spring98.org
Spring98.org

Інгушскаму актывісту Ісмаілу Нальгіеву, затрыманаму ў Мінску і перададзенаму расійскім праваахоўным органам, прад'яўлена абвінавачанне ва ўжыванні гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя, у дачыненні да прадстаўніка ўлады. Пра гэта піша “Каўказскі вузел” са спасылкай на адваката Андрэя Сабініна.

Каардынатар арганізацыі "Выбар Інгушэціі" Ісмаіл Нальгіеў быў затрыманы 8 траўня ў аэрапорце ў Мінску, адкуль планаваў вылецець у Чэхію. Па дадзеных інгушскіх актывістаў, ініцыятарам вышуку выступіла кіраўніцтва Інгушэціі. Нальгіеву паставілі адміністрацыйнае правапарушэнне, але суд у Мінску быў адменены з-за рашэння аб высылцы актывіста ў Расію. Нальгіеву забаронены ўезд у Беларусь на дзесяць гадоў.

Праваабаронцы пасля паступлення інфармацыі пра затрыманне Нальгіева заклікалі не дапусціць парушэння яго правоў і не выдаваць яго Расіі. Яны выразілі занепакоенасць тым, што Нальгіеў можа падвергнуцца катаванням. Сам Ісмаіл Нальгіеў у выпадку выдачы яго Расіі прыгразіў аб'явіць галадоўку.

Пасля выдачы Нальгіева расійскім сілавікам ні яго родныя, ні праваабаронцы, ні адвакаты каля сутак не ведалі пра тое, дзе менавіта знаходзіцца актывіст. 11 траўня стала вядома, што ён дастаўлены ў СІЗА ў Нальчыку.

Ісмаілу Нальгіеву прад'яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе аб пратэстах і сутыкненнях з сілавікамі ў Магасе і Назрані, якія адбыліся ў канцы сакавіка. Па дадзеных адваката Андрэя Сабініна, абвінавачанне прад'яўлена па ч.2 арт. 318 КК Расіі. Нальгіеву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі