Імпартзамяшчэнне: У беларускіх памперсах нават упакоўка — з Турцыі

Еўрарадыё сабрала навінкі імпартзамяшчэння году.

“У межах імпартзамяшчэння выходзілі розныя тавары: і тэлевізары, і халадзільнікі. Усё мае свайго пакупніка, кожны тавар. У Магілёве стварылі беларускія падгузнікі — яны маюць попыт. Тавары з сімволікай чэмпіянату па хакеі”, — агучваюць топ імпартзамяшчальнікаў году ў Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Правяраем: колькі ж беларускага ў беларускіх памперсах з Магілёва.

“Матэрыялы з Чэхіі, Германіі, Швецыі, Францыі. Упакоўку робяць у Турцыі, нават у Расіі такой няма”, — адказваюць вытворцы на фабрыцы "БелЭмса".

З беларускага ў падгузніках — толькі працоўная сіла, дадаюць стваральнікі.

У Мінгандлі з сёлетніх папулярных імпартзамяшчальнікаў прыгадваюць беларускую малочку.

“Яны ўвесь час выпускаюць навінкі: і па італьянскіх, і па швейцарскіх, і па галандскіх тэхналогіях. Ужо не варта пералічваць гэтыя сыры. Кандытарскія вырабы таксама: батончыкі з нугой і мяккай карамеллю”, — прыгадваюць беларускія аналагі “Марса” і “Снікерса” у Мінгандлі.

Для прыкладу: беларускі сыр “Ракфорці”, варыянт нямецкага Дор блю, ад Нарачанскага  масласыразавода таксама не зусім беларускі: цвіль набываюць у Францыі, а тэхналогія вырабу — з Чэхіі і Славакіі!

Аўтары беларускіх аналагаў “Марса” і “Снікерса” не ведаюць, чым іх прадукцыя адрозніваецца ад сусветных брэндаў.

“Мы ж не ведаем рэцэптуру “Марса” і “Снікерса”, таму не ведаем, чым яны адрозніваюцца”, — расказваюць пра свае навінкі: Spartak “з мяккай карамеллю” і “арэхамі"

Але арэхаў падчас дэгустацыі ў апошнім Еўрарадыё не заўважыла.

Кіруемся ў ГУМ, каб праверыць, якую беларускую тэхніку набывалі ў гэтым годзе.

“Добра бяруць тэлевізары і халадзільнікі. “Гарызонт” бяруць, “Віцязь”, розніца ў коштах з замежнымі — 500-700 тысяч. Розныя людзі бяруць і маладыя таксама”, — расказвае прадавец у аддзеле бытавой тэхнікі.

Шкада, што свой планшэт “Гарызонт” так і не выпусціў, бо “нерэнтабельна”. А вось беларускі смартфон пад Андроід усё ж з’явіўся. Праўда, як даведалася Еўрарадыё, з кітайскіх дэталяў.

Агульная удзельная вага імпартнай сыравіны ў затратах на вытворчасць прадукцыі за апошняе паўгоддзе ў Беларусі — 26,7%, паведамляе Белстат. У матэрыяльных затратах гэта 41,3%.

У студзені-кастрычніку доля імпарту ў таварных рэсурсах харчовых тавараў склала 31,9%.

У студзені-кастрычніку доля імпарту ў таварных рэсурсах нехарчовых тавараў склала 78,1%.

Фота: bsmu.edu.uabelstat.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі