Вы тут

Ідзе змаганне за дзяцей. А што мы можам, акрамя роспачы і абурэння?

Беларусь ці "Белоруссия"? Вырашаць нам

Журналіст Алег Гаруновіч напісаў важны пост у "Фэйсбуку". У двух словах: у Лукашэнкі ёсць няхай і слабенькі, але план па ўбіванні сваёй ідэалогіі ў галовы дзяцей. А што яму можна супрацьпаставіць?

Далей публікуем пост цалкам.

Ідзе змаганне за дзяцей. Знаёмая ўсхваляваная і абураная. Прывяла дзіцёнка ў садочак — а яго адразу ў актавую залу. Слухаць гімн, глядзець на сцяг.

Рэжым Лукашэнкі ўбогі, тут няма пра што спрачацца, але ён мае хоць нейкі план. Кволы, тупы, гэтакі ж убогі, як сам, але план: дурманіць, замбаваць, убіваць у галовы. Нехта ды запомніць, нехта ды паверыць.

Ну, а што можам супрацьпаставіць гэтаму мы, акрамя роспачы і абурэння? Ад знаёмай я так і на пачуў самыя відавочныя варыянты: беларуская мова, веданне гісторыі, тлумачэнне дзіцёнку, якія бываюць сцягі. Так, гэта трэба закладаць з маленства. Мягка, акуратна, з улікам пагроз (каб дзіцёнак не крычаў загадчыцы садка "Жыве Беларусь!"), але трэба рабіць.

Мне шкада, што бацькі ў дзяцінстве мне не тлумачылі, чаму мы, беларусы, размаўляем па-руску, хаця ў нас ёсць свая мова. Гэты момант неяк не прагаворваўся ўслых, і я не ўпэўнены, што цяпер прагаворваецца, нават у асяроддзі тых, хто ўсім сэрцам за перамены. Не было ў маёй сям’і зафіксаванага ўсведамлення, што беларуская мова — вялікая каштоўнасць. Што яе трэба ведаць, трэба вучыць, бо гэта наша.

Маю такое назіранне: часам мы, людзі, марым пра нейкія подзвігі, але забываемся пра невялікія крокі, якія можам зрабіць проста цяпер. Час мінае, подзвігаў няма, а ты праз год ці два аглядаешся назад і думаеш: калі б я тады пачаў рабіць невялікія крокі, я ўжо адолеў бы вялікі шлях. І далей нічога не робіш. Ну, так душа хоча чагосьці глабальнага, каб усё і адразу, а тут гэта мова – ну, неяк несур’ёзна.

Але, як па мне, сёння беларуская мова і пашырэнне ведаў пра беларускую гісторыю, хаця б у межах сям’і, і ёсць сапраўдны подзвіг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.