“І пры капіталізме, і пры дзяржаўным сацыялізме прафсаюзам цяжка існаваць”

Еўрарадыё: Якая роля незалежных прафсаюзаў у сённяшніх рэаліях Беларусі?



Андрэй Стрыжак: У прафсаюзным руху адбылося дзяленне паводле палітычных прыкметаў. Ёсць як прафсаюзы афіцыйныя — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, так і прафсаюзы незалежныя — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. ФПБ — гэта такі савецкі запаведнік, у якім захаваліся самыя класічныя савецкія рысы прафсаюза. Такі прафсаюз звязаны “нефармальнымі” абавязальніцтвамі з працадаўцам. У нас больш развязаныя рукі.



Еўрарадыё: А неабходныя інструменты для таго, каб дапамагчы працаўніку, у незалежных прафсаюзаў ёсць?



Андрэй Стрыжак: Гледзячы, што мы маем на ўвазе пад абаронай. Справа ў тым, што зараз у Беларусі існуе кантрактная сістэма, і большасць людзей працуе па кароткатэрміновых кантрактах. Шчыра магу прызнацца: усе канфлікты, звязаныя са сканчэннем дзеяння такога кароткатэрміновага кантракта і яго падаўжэннем, амаль невырашальныя. Бо калі працадаўца не працягвае кантракт, то суды прымаюць яго бок. Але дастаткова іншых праблем — звязаных з несвоечасовай выплатай заробку, траўматызмам на прадпрыемствах, невыкананнем працадаўцам умоў працы. У такіх сітуацыях незалежны прафсаюз можа дапамагчы: у нас багатая юрыдычная і судовая практыка, за мінулы год наш Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці праз суды адсудзіў больш за 1 мільярд рублёў.



Еўрарадыё: Ці ёсць у нашых рабочых і служачых нашай сацыяльна арыентаванай краіны іншыя правы, апроч права на працу?



Андрэй Стрыжак: Ёсць. Большасць людзей проста не ведаюць свае правы, а працадаўцы банальна не зацікаўленыя ў тым, каб яны гэтыя свае правы ведалі. Самае галоўнае права — праца павінна быць бяспечнай і годна аплачвацца.



Еўрарадыё: Абараніць рабочых у незалежных прафсаюзаў часам атрымліваецца — а як з тым, каб абараніць сябе?



Андрэй Стрыжак: Сапраўды, часцяком самі прафсаюзнікі трапляюць пад удар, які даволі складана адвесці. Так было, ёсць і будзе. Сваіх людзей мы спрабуем бараніць праз афіцыйныя судовыя каналы, праз Міжнародную арганізацыю працоўных. Важным кампанентам для нас з’яўляецца Камітэт правоў чалавека ААН, нягледзячы на тое, што Беларусь адмаўляецца выконваць свае абавязальніцтвы ў гэтай галіне.



Еўрарадыё: Паглядзім на сітуацыю з пункту гледжання ўладаў: у нас сацыяльна арыентаваная дзяржава — навошта нам нейкія там незалежныя прафсаюзы?



Андрэй Стрыжак: На мой погляд, дзяржаве было карысна супрацоўнічаць з актыўнымі прафсаюзнікамі, глядзець на тое, што і як яны робяць. Але ва ўлады свая пазіцыя — ім больш падабаюцца людзі, якія выконваюць волю дзяржавы, а не тыя, хто звяртае ўвагу на актуальныя праблемы грамадства.



Еўрарадыё: З вашай актыўнай пазіцыяй і пільнасцю вы больш падобныя на частку пятай калоны, чым на змагароў за правы працоўных!
 


Андрэй Стрыжак: З-за той сітуацыі, што склалася ў краіне, сярод сябраў незалежных прафсаюзаў, сапраўды, большасць людзей з дэмакратычнымі поглядамі, якія могуць не падзяляць палітыку ўлады. Але гэта нармальна — калі людзі, якія хочуць нешта рабіць, аб’ядноўваюцца разам. Мы не палітычная структура і мы не ўдзельнічаем у палітычных кампаніях у класічным разуменні гэтага выразу. Тым не менш чальцы прафсаюза могуць быць сябрамі любой палітычнай структуры. Што праўда — да нас не прыходзяць людзі, якія з’яўляюцца прыхільнікамі дзеючага прэзідэнта. Вось толькі здарыцца нешта не вельмі добрае можа з кожным — і з прыхільнікам дзеючай улады, і з яе апанентам. Хай у нас няма сваіх санаторыяў, як у ФПБ, але і адмовы ў аказанні дапамогі ў нас не бывае.



Еўрарадыё: Якія ўнёскі мусіць сплачваць сябра незалежнага прафсаюза?



Андрэй Стрыжак: Гэта 1% ад заробку. Хапае на тое, каб аплачваць практыку нашым юрыстам.



Еўрарадыё: Ці адрозніваецца стаўленне да незалежных прафсаюзаў, іх актывістаў у кіраўніцтва дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў?



Андрэй Стрыжак: На большасці прыватных прадпрыемстваў прафсаюзы ўвогуле адсутнічаюць. Уладальнік ад пачатку не зацікаўлены. Так прасцей размаўляць з людзьмі — ставіць кожнаму паасобку тыя ўмовы, якія будуць больш выгадныя працадаўцу. Транснацыянальныя карпарацыі прыходзяць да нас са сваім унутраным уставам, паводле якога даволі складана працаваць прафсаюзам. Самыя антыпрафсаюзныя транснацыянальныя карпарацыі — Coca-Cola і McDonald’s. У адных — вельмі вялікая цякучка кадраў, і таму там немагчыма стварыць прафсаюзную арганізацыю; а ў другой стараюцца дубляваць функцыі прафсаюза і працаваць на “апярэджванне”. Але і ва ўваходжанні на беларускія прыватныя прадпрыемствы мы не дасягнулі значных поспехаў. Іншая справа, што на прыватных прадпрыемствах у людзей больш магчымасцяў выказаць свой пратэст і дамагчыся пазітыўных зрухаў.



Еўрарадыё: Ва ўсім свеце людзі працуюць па кантрактнай сістэме — чаму ў нас ўвядзенне яе выклікала такое абурэнне і ў прафсаюзаў, і саміх працоўных? Чым беларуская кантрактная сістэма адрозніваецца ад сусветнай?



Андрэй Стрыжак: У нас большасць працуе па кароткатэрміновых кантрактах. Гэта такая форма працоўнага кантракта, якая прадугледжана для людзей, што часова працаўладкоўваюцца. А калі пераводзіць на кароткатэрміновы кантракт, да прыкладу, журналіста, які працуе 10-15 гадоў у выданні, то сітуацыя выглядае нелагічнай. Атрымліваецца, што чалавек кожны год павінен пацвярджаць сваю лаяльнасць, каб атрымаць працяг кантракту. Гэта затыкае рот чалавеку ў сітуацыях, калі ён мог бы паспрабаваць адстаяць свае правы. А працадаўцу гэта дазваляе пагоршыць умовы для сваіх супрацоўнікаў без небяспекі займець з-за гэтага нейкія праблемы. Сама кантрактная сістэма — гэта не абсалютнае зло. Зло — тое, як яна выкарыстоўваецца ў нас зараз. Звыш 90% людзей пераведзеныя на кароткатэрміновыя кантракты — нават тыя, хто значную колькасць часу працуюць на адным месцы.



Еўрарадыё: Неяк змяніць гэтую сітуацыю спрабуеце?



Андрэй Стрыжак: Пакуль маніторым сітуацыю — збіраем прыклады непрацягнення кантрактаў з людзьмі, якія доўга працавалі на адным прадпрыемстве. На жаль, праз суды змагацца з кантрактнай сістэмай праблемна — яны прымаюць рашэнне на падставе не Канстытуцыі ці працоўнага заканадаўства, а дэкрэтаў. Міжнародныя органы пра гэта ўсё праінфармаваны, пакуль застаецца толькі чакаць і думаць… У гэтай сітуацыі вельмі шмат залежыць асабіста ад кіраўніка дзяржавы і яго волі — што будзе далей з гэтай сістэмай. Бо гэта сістэма ўведзеная яго дэкрэтам.



Еўрарадыё: Чаму беларускія прафсаюзы, як у Амерыцы 30-х гадоў, не могуць стварыць “прафсаюзную мафію” і прыбраць усё да сваіх рук?
 


Андрэй Стрыжак: Шмат істотных прычын… Праблема ў тым, што ў Беларусі…


Еўрарадыё: … няма свабоднага продажу зброі…



Андрэй Стрыжак: Гэта глабальная прычына, з-за якой у нас не адбыліся да гэтага часу грамадскія змены — да лепшага ці да горшага! А яшчэ ў нас ёсць вельмі сур’ёзныя абмежаванні па рэгістрацыі новых прафсаюзных арганізацый: не паведамляльны, а – дазваляльны прынцып. Як у сітуацыі з “Гранітам”: людзі сабраліся, хочуць сваю прафсаюзную арганізацыю, а ім проста не даюць юрыдычнага адрасу. На актывістаў пачынаецца ціск, іх з прадпрыемства прыбіраюць і гасяць незадавальненне людзей. Праблема — у пранікненні на прадпрыемства.



Еўрарадыё: Чакаць з’яўлення беларускай “Салідарнасці” і свайго Леха Валенсы не даводзіцца?



Андрэй Стрыжак: Польскі прыклад на Беларусь на 100% не рэтранслюецца. Баюся, што нашага Леха Валенсы не будзе. Але будзе нешта іншае.



Еўрарадыё: Хто найчасцей ідзе ў незалежны прафсаюз? Намалюйце партрэт.



Андрэй Стрыжак: Каля 30% людзей, якія ўступаюць у прафсаюз, — гэта моладзь да 35 гадоў. Калі глядзець на разрэзе гендарным, то каля 55% — гэта жанчыны. Да нас ідуць людзі, якія маюць адукацыю вышэй за сярэднюю. Гэта чалавек актыўны, для якога каштоўнасцямі з’яўляюцца дэмакратыя і які гатовы да нейкіх актыўных дзеянняў.



Еўрарадыё:     Атрымліваецца, што жанчыны ў Беларусі — больш актыўныя, больш гатовыя да актыўных дзеянняў, чым мужчыны?!
 


Андрэй Стрыжак: Выглядае на тое. Тут вялікую ролю адыгрывае тое, што маладыя хлопцы, якія сутыкнуліся з праблемамі працаўладкавання на радзіме, маюць больш магчымасцяў з’ехаць у працоўную эміграцыю. А жанчыны застаюцца жыць у тых варунках, якія тут ёсць, часта — фактычна ў адзіноце гадуючы дзіцё, бо бацька дзесьці на заробках. Ды і жанчыны сутыкаюцца з праблемамі беларускай штодзённасці значна часцей, чым мужчыны.


Еўрарадыё: Пытанне працоўнай міграцыі — ці праблема гэта з пункту гледжання прафсаюзаў?



Андрэй Стрыжак: З Беларусі ці ў Беларусь? Калі з Беларусі, то я б не сказаў, што гэта праблема. Гэта нармальная сусветная практыка, калі чалавек едзе працаваць туды, дзе яму больш плацяць. Паводле прыблізных падлікаў з Беларусі ўжо з’ехала да 1 мільёна працоўных. Праблема не ў тым, што людзі едуць — праблема ў тым, што яны вымушаныя з’язджаць.



Еўрарадыё: А міграцыі працоўных у Беларусь для беларускіх прафсаюзаў — праблема?



Андрэй Стрыжак: Пакуль ніякай дыскрымінацыі з боку працадаўцаў — браць на працу беларусаў ці мігрантаў з Азіі ды Усходу — у нашай юрыдычнай практыкі няма. Але калі мы будзем прыцягваць у краіну мігрантаў з краін, дзе ўмовы працы і аплаты яшчэ горшыя, чым у нас, то гэта можа стаць праблемай. Пакуль яе не існуе.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі