Вы тут

Хто заплаціў за верталёт, на якім Мінск акрапілі святой вадой ад каранавіруса

Мітрапаліт Павел у верталёце МІ-2​ / minsknews.by

22 сакавіка ва Усіхсвяцкім храме Мінска адбыўся малебен з мэтай абараніць Беларусь ад каранавіруснай інфекцыі. Яго правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Пасля набажэнства Павел і настаяцель Усіхсвяцкага храма, протаіерэй Фёдар Поўны падняліся ў неба над сталіцай Беларусі з іконай, крыжам-машчавіком і святой вадой.

"Паветраны хрэсны ход" выклікаў бурную рэакцыю ў сацсетках.

Адзін з многіх негатыўных каментароў / vk.com/chp_minska

Служыцелі царквы ляталі над Мінскам на верталёце МІ-2 аэраклуба ДТСААФ. Гадзіна палёту на такім каштуе 1600 рублёў. Хто заплаціў за гэты палёт? Дзеля справядлівасці, грошы на яго пайшлі не "з падаткаў", як лічаць разгневаныя каментатары.

"Усё было афіцыйна. Дазвол атрымлівалі на палёт над горадам праз мэра... — расказвае Еўрарадыё начальнік аэраклуба Мікалай Мачанскі.Палёт быў на платнай аснове. Усё айцец Фёдар кампенсаваў — аэраклубу страты няма ніякай".

У размове з Еўрарадыё айцец Фёдар не стаў каментаваць палёт над горадам. Маўляў, рабілі гэта не для піяру. Ён дадаў, што царква не раз заступала дарогу эпідэміям.

Змагацца з каранавірусам беларускім медыкам дапамагаюць многія камерцыйныя прадпрыемствы. Адны прывозяць шашлык дактарам, якія дзяжураць у інфекцыйнай бальніцы ў Мінску, другія вылучаюць сродкі на закупку апаратуры і дыягнастычных сродкаў. 1600 рублёў — гэта, вядома, няшмат. Але можна было б купіць, скажам, 1300 урачэбных масак ці 160 літраў антысептыку. Зрэшты, у барацьбе з хваробай немалаважную ролю адыгрывае прысутнасць духу. А значыць, камусьці і святая вада з верталёта пойдзе на карысць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.