Халезін: Гэтая дзіўная кніга раскрые таямніцы Свабоднага тэатра

Еўрарадыё: Вы сталі лаўрэатам вельмі ганаровай прэміі Хэлман — Хэмета. Раскажыце пра яе, каго звычайна ёю ўзнагароджваюць?

111013 HalezinS.mp3
Мікалай Халезін: Гэтую прэмію Human Rights Watch дае творцам, якія займаюцца сваёй прафесійнай дзейнасцю, але маюць складаны перыяд у жыцці, апыняючыся або ў чужой краіне, або пад прэсінгам уладаў у сваёй краіне. У спісе намінантаў 48 чалавек — журналістаў, пісьменнікаў, музыкаў — я ў ім адзіны прадстаўнік Еўропы. Сем чалавек у спісе ўвогуле ананімныя — гэта прадстаўнікі Кітая, Ірана, дзе іх жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Там ёсць нават мае старыя знаёмыя, напрыклад, Лапіра дэ Мбанга — гэта камерунскі музыка. У асноўным гэта Азія, Афрыка, і ў тым ліку пакуль Беларусь. Я больш камфортна сябе адчуваў бы, каб нашай краіны не было ў гэтым спісе. Ніякая прэмія тут не суцяшэнне.
Еўрарадыё: Гэтая прэмія з’яўляецца грашовай?
Мікалай Халезін: Так, там ёсць фінансавае напаўненне, якое дапамагае некаторы час працягваць працу над тым, над чым ты працуеш, займацца прафесійнай дзейнасцю, нягледзячы на знешнія ўмовы. Гэтая прэмія аказалася вельмі дарэчы. Гэтыя грошы я патрачу на напісанне кнігі. Кніга будзе пра гісторыю Беларускага Свабоднага тэатра, пра тых людзей, з якімі мы сустракаліся, пра тое, як будаваўся тэатр, што мы перажылі. Ёсць два буйныя выдавецтвы (адно ў Лондане, другое ў Чыкага), якія хочуць выдаць гэтую кнігу.
Але гэта будзе дзіўнае выданне (чым яно і прыцягнула выдаўцоў), бо гэта будзе адначасова мемуарыстыка і падручнік па стварэнні тэатра, нават з раскрыццём нейкіх таямніц нашай тэхналогіі, методыкі, што мы выкладаем у розных школах па ўсім свеце. То бок гэта будзе сімбіёз цікавага і пазнавальнага чытва.
Еўрарадыё: Што чакае Свабодны тэатр, якія ў вас планы?
Мікалай Халезін: Мы раз’ехаліся на месяц і сустрэнемся ў Польшчы на фестывалі ў Любліне і падчас гастроляў у Італіі, у Турыне. У нас ёсць некалькі рэзідэнцый, дзе будуць ставіцца новыя спектаклі. Адзін з іх — дзіўны выбар для нашага тэатра — п’еса “Кароль Лір”, якую я зараз адаптую, а Валодзя Шчэрбань будзе ставіць. Спектакль будзе пастаўлены на перадалімпійскім фестывалі на сцэне шэкспіраўскага тэатра "Глобус". Там 37 тэатраў на 37 мовах, наш спектакль будзе на беларускай мове і такім чынам мы прэзентуем краіну.
Што праўда, першы скандал ужо здарыўся, калі пасол Беларусі ў Англіі з’явіўся ў тэатры "Глобус" і заявіў, што Свабодны тэатр не можа прадстаўляць краіну на такім прэстыжным форуме. Яму адказалі, што іншыя тэатры тут не вельмі добра ведаюць. А ён заявіў, што Свабодны тэатр не рэгіструюць у Беларусі не таму, што ён забаронены, а таму, што ў Мінску ён не можа прадаць квіткі на свае спектаклі...
Апроч гэтага будзе спектакль, які прыме ўдзел у Эдынбургскім фестывалі. Над новымі спектаклямі мы будзем працаваць у рэзідэнцыях, што нам прадастаўляюць у Італіі, Англіі і, можа быць, нават бліжэй да радзімы.
Еўрарадыё: Як можна стаць акцёрам Свабоднага тэатра?
Мікалай Халезін: У нашым праекце “Ліст да Кэці Акер” з дзевяці акцёраў было пяць дэбютантаў, што было рэкордам для эдынбургскага фестывалю. Гэта гадаванцы нашай студыі Fortinbras. Мы зараз ізноў пачынаем набор у студыю, там мы збіраем людзей, якія могуць стаць акцёрамі Свабоднага тэатра. Нас не вельмі задавальняе ўзровень падрыхтоўкі, які дае сістэма тэатральнай адукацыі ў Беларусі, таму мы выхоўваем сабе акцёраў самі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі