Hair Peace Salon “Gentleman”

01 - Borderline.mp3

Пасля некалькіх даўнавата выдадзеных сінглаў і EP, Hair Peace Salon усё ж прыйшлі да высновы, што альбом у гурта мусіць быць, і выклалі ў Сеціва пласцінку “Gentleman”. У назве дыска хаваецца яго ўнутраная канцэпцыя: gentleman – шляхціц, ва ўсіх сэнсах станоўчы герой, здольны на ўчынкі і схільны да самаіроніі. Адсюль – разгорнутасць кампазіцый, якія нібыта дэманструюць душэўнае багацце джэнтльмена, вельмі прыемны і тонкі меладызм, унутраны спакой песень, незалежны ад колькасці гукаў ці агульнага драйву.

03 - Face To Face.mp3

 Альбом “Gentleman” ствараўся ў гаражы. І яго бруднаватае гучанне выглядае абсалютна натуральным. Праўда, часам узнікае жаданне прарадзіць шчыльную партытуру некаторых песень, аднак музыкі сцвярджаюць, што яны адмыслова туды напхалі ўсяго і паболей, і што ў наступным альбоме так рабіць больш не будуць. З іншага боку, “Gentleman” гучыць проста выдатна. Суіснаванне ў гурце двух фронтмэнаў-аўтараў дазваляе песням як бы мець свой твар. Чаргаванне песень у выкананні то Кастуся то Алега падаецца спружынай, якая то нацягваецца, то дае слухачу адпачыць. З іншага боку, шматгалоссе, што часам прымушае ўспомніць ліверпульскую чацвёрку, надае гучанню паветранасць і адчуванне буйнога мазка. Таму і дэталізацыя музыкі, а яе тут процьма, сыходзіць на другі план.

07 - Criminal.mp3

На сёння Hair Peace Salon  - добрасыграны, мацёры гурт, які шчыльна засеў у сваёй музычнай нішы і не збіраецца адтуль сыходзіць. Апроч прыгожай музыкі, ён нараджае такія ж прыгожыя тэксты. Пра што можа думаць gentleman? Пра Сусвет, пра хараство душы, пра ролю чалавека ў свеце, пра жанчыну з глянцавай усмешкай  - філасофскія нарысы вельмі пасуюць гурту. І ўсё станоўча, што прыемна, бо сум ў нас ёсць каму наганяць. Добрая, грунтоўная, прадуманая і гожая праца. Ну і асобны рэспект афармленню – часам варта і замарочыцца. Тым больш, калі гэта першы дыск у амаль дзесяцігадовай гісторыі.

10 - Stand The Love.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі