Гюнеш: Калі ж ты, Русланчык, пачнеш трапляць у ноты?

Гюнэш Абасава публічна выказала ў вочы пераможцу ўсе, што думае пра яго спевы. А салістка “По глазам" Стася іранічна казала, што акрамя Руслана Аляхно ніхто паехаць не здольны, бо ён прынёс новую музыку ў беларускую культуру. Учора ўвечары адбыўся фінал адборачнага конкурсу Еўрафэст. Удзельнікаў было чатыры: гурты Lite Sound і "По Глазам", а таксама Руслан Аляхно і Гюнэш Абасава. І толькі апошняй хапіла смеласці выказвацца шчыра. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася адразу пасля канцэрту, Гюнэш сказала, што яшчэ да фіналу яна ведала, што пераможа Руслан Аляхно. Па словах Гюнэш, Руслан добры хлопец: “Я вельмі добра стаўлюся да цябе, але хачу запытацца. Вось я ўжо некалькі разоў слухаю тваю фінальную песню, у мяне абсалютны слых, скажы, чаму ты заўсёды спяваеш міма касы??? Калі ж ты, Русланчык, пачнеш трапляць у ноты?

Натуральна, пасля гэтай рэплікі Гюнэш Абасава сарвала гучныя апладысменты і стала героем Еўрафесту.

Мега-падзея адбывалася ў Палацы Спорту, дзе не так даўно усталявалі новы гук і прыцягнулі да шоў (і для выканання патрабаванняў "Лордзі") піратэхніку і іншыя светлавыя ўпрыгожванні для сцэны. Прапаную вам свой суб’ектыўны погляд на вялікі канцэрт, што адбыўся ў Палацы спорту.


Першай на сцэну выйшла самая маленькая ўдзельніца Еўрабачання - Ксенія Сітнік, якую пяшчотная матуля прасоўвае ў розныя тэлевізійныя шоў. Пад час выступу гурта "По Глазам", маленькая Ксенія ўласнаруч прынесла для Стасі гітару і весела скакала з канкурсантамі па сцэне.



Назіраючы ўважліва за людзьмі, я прыйшла да высновы, што Еўрафэст - дакладна мае сваю мэтавую аўдыторыю, але нават “мэтавікі”, шчыра кажучы, крыху сумавалі.



Стася выйшла на сцэну, паказала шаноўным гледачам свае шыкоўныя, доўгія ногі і прыгожую сукенку, на якой пры жаданні можна знайсці сцягі еўрапейскіх краінаў. Нешта здарылася з мікрафонамі ў той вечар, можа, зоркі дрэнна размясціліся на небе, але ўсе удзельнікі канцэрту, якія спявалі жыўцом, гучалі, мякка кажучы, дзіўна. Затое было добра чуваць фанаграмшчыкаў.




Гюнэш Абасава, як ні дзіўна, так добра валодае голасам, што выдатна гучыць пры любым раскладзе! Добры нумар, неблагая песня і шыкоўны вакал. Адное, што песня занадта павольная, слухачы хутка засумавалі.



Вядома, што тэлевізійны фармат часта патрабуе выканання нумару пад фанаграму, але на Еўрафэсце канкурсанты працавалі ў фармаце “мінус адзін” (гэта, калі не ведаеце, запісаная музыка і жывы голас). Бубнач гурта "Light Sound" у такім захапленні ад выступу, што перажывае эмоцыі нібыта гэта вялізны жывы канцэрт кшталту Exit, Sziget etc.



Сам вакаліст. Дарэчы, ён атрымаў найбольшую колькасць млявых апладысментаў аўдыторыі. Звярніце ўвагу на піратэхнічныя эфекты!


Руслан Алехно!



Вось якую музыку трэба далучыць да міфічнага спісу “нерэкамендаваныя для тэле і радыё эфіру выканаўцы”. На гэтым здымку Еўрафест вам нічога не нагадвае?



Спадарыня Падольская заехала ў Мінск і шмат казала пра тое, што сумуе па радзіме і любіць кожнага беларуса. Нават песню беларускім мужчынам прысвяціла. Пашана! А вось спявала Наталля “пад фанеру”, нават не хаваючы гэтага факту. Пэўна, Наталля разлічвала на тое, што “родныя беларусы” і так будуць радыя яе пабачыць.



Руслана запаліла беларускіх прыхільнікаў музыкі поп-фармату і трымалася выдатна.



Турэцкая госця не вельмі добра падрыхтавалася да канцэрту. Разгубілася і забылася, дзе на фанаграме пачынаецца яе голас.



Усім добрым людзям, якія аддаюць перавагу тэлеэкрану, мелі магчымасць назіраць за шоў па тэлевізары ў холе. Гэта, напэўна, звычка ўжо ўспрымаць інфармацыю выключна праз тэлеэкран.



Прэс-канферэнцыя. Стася сумуе. Кажа, што пакрыўдзілася крыху, бо ўсе ведалі, што Аляхно пераможа, але ўсё ж такі спадзяваліся на цуд. У размове з журналістам, адзін з удзельнікаў гурта "По Глазам" сказаў, што, яму падаецца, што ў Руслана была добрая песня!:
- Сучасная, модная, ні да чаго не падобная. Выдатная песня. Мы ўсе аб’ектыўна разумеем, што сёння, акрамя Руслана Аляхно ніхто паехаць не здольны, бо ён прынёс новую музыку ў беларускую культуру, да яго ніхто такога яшчэ не рабіў. Ніколі не было нічога падобнага на песню Руслана нават у еўрапейскай музыцы! Калі я слухаў яго песню, то не ведаў, што і рабіць. Таму адразу кленчыў і рыдаў!



Руслана Аляхно, як школьніка, журналісты папрасілі ўзняцца і размаўляць гучней. Руслан сціплы чалавек. Так і зрабіў. Але цікавай размовы так і не выйшла. Руслан казаў банальныя словы пра важнасць перамогі, спадар Ціхановіч пра давер маладому выканаўцу, Наталля Падольская пра хваляванні канкурсантаў, пра тое, як яна любіць Русланчыка і прэс-канферэнцыя, як і само мерапрыемства, набыла дужа пафасны і іранічны характар. Нібыта адбываецца гэта ўсё не ў маім Мінску, а на нейкай іншай планеце…










Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі