Гурт "Крама" ўзнагародзяць за ўнёсак у беларускі рок

24 красавіка ў клубе Tarantino адбудзецца ўручэнне прафесійных музычных узнагарод Rock Profi па выніках 2013 года. Ад іншых цырымоній яна адрозніваецца тым, што лепшыя песні, альбомы, запісы і найбольш паспяховых артыстаў абіраюць не журналісты, прамоўтары і прадзюсары, а тыя, хто непасрэдна стварае музыку. У гэтым годзе журы склалі 46 выканаўцаў і гуртоў, якія выдавалі паўнафарматныя альбомы ў 2011-2013 гадах.


Ужо вядома, што пераможцам у намінацыі "За ўнёсак" стаў гурт "Крама", якому большасць музыкаў аддалі свае галасы ў сувязі з 20-годдзем дэбютнага альбома "Хворы на рок-н-рол" (1993). Гэта адзін з найбольш уплывовых дыскаў у гісторыі беларускай рок-музыкі, які падараваў нам хіты "Хворы на рок-н-рол", "Бяжы, хлопец", "Выпі са мной да дна", "Будзь разам з намі".


"Мы мелі на руках некалькі гатовых песень на беларускай мове, але магчымасці запісаць цэлы альбом не было, — распавядае фронтмэн "Крамы" Ігар Варашкевіч. — Потым праз сяброў мы пазнаёміліся з англічанінам Нэлам, які наогул займаўся матацыкламі. Але яму настолькі спадабаліся нашы песні, што ён вырашыў адкрыць пад нас у Англіі лэйбл і даў нам грошы на запіс англамоўнага альбома. Мы прапісалі трэкі ў Мазыры, а потым аддалі на звядзенне і майстарынг у Англію. Паралельна цішком ад англічан скапіравалі запісы, дапісалі да іх вакал на беларускай і вось такім чынам атрымаўся "Хворы на рок-н-рол". А англамоўныя запісы потым выйшлі ў Англіі ў выглядзе альбома "Vodka On Ice". Яго прасоўванне правалілася праз тое, што нам не далі дазволу на працу, каб мы маглі прыехаць з канцэртамі. Але калі б не гэты праект, дык хто яго ведае, калі і як бы выйшаў наш першы дыск".


У межах цырымоніі "Крама" дасць гадзінны настальгічны канцэрт. Там жа будуць названыя пераможцы ў пяці астатніх намінацыях Rock Profi ("Дэбют года", "Артыст года", "Лепшы Запіс", "Лепшая Песня", "Лепшы Альбом"). Прэмію ладзяць студыя "Осмас" і партал Experty.by.

Пачатак у 19.00. Квіткі ў продажы з 17 красавіка: танцпол — 80 тыс. руб., столік — 100 тыс. руб. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (vel, мтс). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (тыльны бок КЗ "Мінск").
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі