Гродзенскаму журналісту Руслану Кулевічу зламалі абедзве рукі

Гродзенскаму журналісту Руслану Кулевічу зламалі абедзве рукі

У Гродне шпіталізавалі журналіста сайта Hrodna.life Руслана Кулевіча, якога напярэдадні вызвалілі з-за кратаў. У яго пераломы абедзвюх рук. Фатаздымак журналіста апублікаваў "Белсат".  

Кулевіча затрымалі 11 жніўня, клі ён асвятляў акцыю пратэсту ў Гродне. Яго асудзілі на сем сутак, заявіўшы, што ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі. Суддзя перад вынясеннем прысуду папрасіў прабачэння і спаслаўся на "такую сітуацыю", піша Hrodna.life. 

Але праз паўтара сутак журналіста без тлумачэнняў адпусцілі дадому. "Незразумела, што здарылася, проста сказалі, што вызваляюць усіх. Са мной у камеры было чатыры чалавекі, якіх таксама незаконна затрымалі. Не ведаю чаму. Нейкая вар'ятня. Пры затрыманні білі, у ІЧУ білі, здзекаваліся, таму што я журналіст. Мы нічога супрацьпраўнага не рабілі, нават не паспеў фотаапарат дастаць. Адразу наляцелі", — распавядае журналіст.

У хлопца пасля вызвалення ранкі, апухлыя рукі, сляды ўдараў на спіне і нагах. Па словах Кулевіча, калі яго заводзілі ў ІЧУ, то кожны міліцыянт стараўся яго стукнуць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі