Вы тут

Гродзенскаму блогеру-лукашысту заблакавалі акаўнт у Instagram

Антон Шабашоў / фота з сацсетак

10 студзеня Instagram заблакаваў старонку гродзенскага блогера Антона Шабашова, піша hrodna.life. 

Хлопец у сацсетках выступаў супраць прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, распавядаў пра акцыі ў падтрымку АМАП. 

Шабашову 32 гады, ён хімік-тэхнолаг, інжынер з вышэйшай адукацыяй. Да апошняга часу працаваў на заводзе "Хімвалакно". Мае акаўнты на YouTube (4200 падісчыкаў), TikTok (больш за 20 тысяч падпісчыкаў). У Instagram у яго было 4342 падпісчыка. 

Старонку Шабашова ў Instagram, верагодна, выдалілі пасля масавых скарг на яе. Некалькі разоў заблакаваць яго акаўнт спрабавалі "жоўтыя кібер-партызаны". Вядома, што масавыя скаргі на блогера яны запускалі ў лістападзе і снежні. Апошняя такая атака на пасты гродзенца  адбылася 8 студзеня, пасля чаго яго акаўнт заблакавалі. Праўда, пасля гэтага блогер аператыўна завёў новы, напісаўшы: "Новы акаўнт, праклятыя змагары заблакавалі стары".

Дарэчы, напрыканцы 2020-га Instagram пасля масавых скаргаў заблакаваў акаўнты тэлеканала АНТ, сясцёр Груздзевых, Аляксандра Саладухі, Алёны Ланской ды шэрагу іншых прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Напрыканцы 2020-га Шабашоў звольніўся з "Хімвалакна". Быццам бы, за свае палітычныя выказванні ён страціў павагу ў калектыве і вырашыў сысці, кажа адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства. Перад звальненнем хлопец напісаў заяву ў міліцыю на аднаго з калег за пагрозы на свой адрас. Як вядома, частка супрацоўнікаў прадпрыемства падтрымала палітычны страйк, патрабуючы правесці новыя сумленныя выбары і спыніць гвалт сілавікоў на беларускіх вуліцах.

Сам Шабашоў размаўляць з карэспандэнтам hrodna.life адмовіўся. Затое пагаварыў з Ксеніяй Сабчак.

У кастрычніку 2020 года ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" гродзенец распавёў, чаму стаў здымаць відэа на палітычную тэму. Яго зачапіла дзейнасць Сяргея Ціханоўскага, які рабіў на YouTube ролікі, у якіх расказваў аб праблемах у Беларусі. Шабашоў вырашыў даць свой адказі паказаць, што ўсё не так дрэнна.

Таксама ён заявіў, быццам пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне разгарнулася сапраўдная інфармацыйная вайна супраць вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі. "Хочуць зрабіць з іх нейкіх здраднікаў (ці, як гэта было ва Украіне, карнікаў). Таму захацелася неяк падтрымаць хлопцаў, паказаць, што праўда на іх баку", — заяўляе блогер. У снежні 2020 года ён арганізоўваў акцыі ў падтрымку супрацоўнікаў АМАП у Гродне, Мінску і Брэсце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.