Green Pepper “Get On The Right Road”

Сапраўды, каманда Green Pepper мае ўсе магчымасці вырасці і ператварыцца ў добры калектыў . Па-першае, кожны яе ўдзельнік знаходзіцца на сваім месцы і ўмее граць. Па-другое, відаць, што слухаюць хлопцы шмат музыкі. Па-трэцяе, пры жаданні і таленце можна дасягнуць о-го-го якіх Алімпаў!

Прыемная баладнасць з драйвовымі ўкрапінамі Green Pepper нагадвае поп-рок -класіку пачатку 90-х: такое суцэльнае “All for love” Адамса-Сцюарта-Стынга ўскладненае драйвам, уласцівым гуртам “з Еўрабачання”. Не без фішак, вядома, уласна “пэпераўскіх”, аднак збольшага, музыка “Get On The Right Road” – дзень мінулы, пакуль ну ніяк не заўтрашні…

Кажуць, заходнія крытыкі вельмі станоўча ацанілі дэбютную працу Green Pepper (хацелася б пачытаць), а тамтэйшыя радыёстанцыі ўзялі песні з альбома ў сваю ратацыю (хацелася б паслухаць). О як! Тут жа чамусьці музыка “Пэпераў” каціць хутчэй як фон, чым арыгінальная асобна існуючая рэч. Добры, прафесійна зроблены, саладкаваты фон…

З боку піяру, Green Pepper правільна падыходзяць да справы, падаючы альбом геніяльным стварэннем нашага стагоддзя. Цытата старонкі гурта ў Сеціве: “Мы яшчэ маладыя, каб пісаць мемуары. А гісторыю нашага гурта будуць пісаць тыя, хто зараз побач з намі, тыя, хто пройдзе з намі цярністы шлях да музычнага Алімпу. Тыя, хто адчуў у нас вар’яцкую любоў да музыкі і жаданне ствараць… Біяграфія гурта пішацца на вашых вачах…” Гучыць пафасна і па-дзіцячаму амбітна, нездарма музыкам Green Pepper няма і 20.

Тым не менш, агульны складнік дэбютнага альбома “Пэпераў” радуе: усё прыгожа, роўна, прафесійна. Усё нібыта на месцы. Хлопцы маладыя. Можна смела пасылаць на “Еўрабачанне”. Адзінае, музыкам трэба навучыцца здзіўляць. Калі атрымаецца, цаны не будзе “зялёным перцам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі