Сярод гомельскіх школьнікаў прайшоў конкурс "Жывая класіка". Арганізавала яго прадстаўніцтва Расійскага цэнтра навукі і культуры, вядомае як "Рускі дом", піша "Штодзень".
Беларускія дзеці мусілі выразна і артыстычна чытаць урыўкі з вядомых расійскіх літаратурных твораў. Ад Гомеля ў конкурсе прынялі ўдзел 24 дзіцяці. Удзельнікам падарылі дыпломы і кніжкі. Пераможцам стаў чацвертакласнік гімназіі №36 імя Івана Мележа. Яго чакае пуцёўка ў крымскі летнік "Артэк". Згодна з украінскімі законамі, нелегальнае наведванне акупаванага Крыма (праз РФ) можа пагражаць забаронай на ўезд ва Украіну да трох гадоў.
Дарэчы, гімназія №36 — адзіная на ўвесь паўмільённы Гомель, у якой ёсць беларускамоўныя класы.