Гомельская ДАІ ўводзіць аплату штрафаў карткамі

Дзяржаўтаінспекцыя Гомельскай вобласці з 1 жніўня пачынае выкарыстоўваць плацёжныя тэрміналы для спрашчэння і паскарэння працэдуры аплаты штрафаў пры дапамозе банкаўскіх картак. Як паведамляе БЕЛТА, у службовых аўтамабілях інспектараў паставяць 60 сучасных тэрміналаў. 20 з іх аддадуць у абласны цэнтр, а яшчэ 40 — у раёны. У перспектыве такія апараты з’явяцца ў кожным патрульным аўтамабілі.

Такім чынам, аплаціць штраф за нязначныя парушэнні правілаў дарожнага руху можна будзе і пры дапамозе банкаўскай карткі, калі няма наяўных грошай. Пры аплаце тэрмінал выдае два чэкі — адзін супрацоўніку ДАІ, іншы — парушальніку. У выпадку памылкі інспектар можа зрабіць зварот грошай на картку цягам сваёй працоўнай змены.

Пры гэтым у выпадку складання пратакола па факце парушэння правілаў дарожнага руху па-ранейшаму трэба прыходзіць на камісію па разглядзе адміністратыўнага парушэння.

Гомельская вобласць стала трэцім рэгіёнам, дзе выкарыстоўваюцца плацёжныя тэрміналы для аплаты штрафаў ДАІ. Першай была Брэстчына, якая ўкараніла такую сістэму ў 2014 годзе, а зусім нядаўна апараты для разліку пластыкавымі карткамі з’явіліся і ў інспектараў ДАІ Віцебскай вобласці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі