Глеб Паўлоўскі: прапагандыст імперыі ў Варшаве
На канферэнцыю ў Варшаву
прыехалі Глеб Паўлоўскі, старшыня фонду “Эфектыўнай палітыкі”, неафіцыйны
дарадца Уладзіміра Пуціна, ды Уладзімір Букоўскі, як яго прадставілі — “чалавек-легенда”, дысідэнт, пісьменнік,
які вымушаны жыць на эміграцыі.
Усе чакалі інтэлектуальнага рынга, але яго не
адбылося. Арганізатары вырашылі не рызыкаваць і не ствараць умоваў для эмацыйных спрэчак, таму запрашалі гасцей у залу па чарзе. Але
горача ўсё ж было, слухачы запоўнілі ўсю залу, лесвіцы ды калідоры.
Глеба
Паўлоўскага ў зале
прывіталі людзі з чачэнскімі
сцягамі ды воклічамі: "Зараз вы будзеце слухаць злачынцу і душагуба!" На што публіка
зарэагавала апладысментамі.
А Паўлоўскі не разгубіўся:
(Паўлоўскі) "Я пачынаў ад дэманстрацый, як гэты чалавек перад намі
зараз выступіў з дэманстрацыяй, гэта для мяне было больш натуральным
жанрам".
Найбольш
усіх вельмі цікавіла, што скажа Паўлоўскі на пастаўленую тэзу "Расія і яе імперскія
інтарэсы". І Паўлоўскі
сказаў:
(Паўлоўскі) “У нас няма ніякіх ідэй для Польшчы, у нас няма ідэй, як трэба
кіраваць Грузіяй. Шчыра кажучы, нам пляваць на тое, як
кіруецца Грузія, нам пляваць на яе эканоміку, пляваць на эканоміку ЗША.
І яшчэ
я маю страшэнную таямніцу, але вам я яе выдам: нам пляваць на польскую палітыку. Усім, апроч
тых, хто атрымоўвае грошы за
аналіз польскай палітыкі, але, відаць, атрымоўвае сапраўды шмат, бо гэта было б нерэнтабельна!”
Цягам яго прадмовы зала нестрымана крычала: “Няпраўда!”
Аўдыторыя,
поўная ня толькі журналістаў, але і студэнцкага выгляду моладзі, спрабавала
дыскутаваць з Паўлоўскім пра Чачэнію, пра халодную вайну, пра польска-расійскія адносіны,
але вынік дыскусіі падвёў сам паліттэхнолаг, вядомы як выдатны дэмагог:
(Паўлоўскі) “Бессэнсоўна
было б палемізаваць. Адна з
найбольш нудных рэчаў —
гэта спрэчкі атэістаў з каталікамі: яны да нічога не прыводзяць. Я ацаніў атмасферу ды
вашае стаўленне да Расіі”.
Дыскусія закранула і Беларусь. У размове Паўлоўскі адзначыў, што ў Расіі адбываецца
працэс дэнацыяналізацыі, а гэта вядзе да лёгкай манімуляцыі маласвядомымі
масамі.
Сам Глеб Паўлоўскі — вялікі прыхільнік саюзу Расіі з Беларуссю. Чаму для Расіі дэнацыяналізацыя
гэта кепска, а для Беларусі добра — адказу наўпрост так і не прагучала.
Паўлоўскі толькі адзначыў,
што менавіта Лукашэнка робіць усё, каб беларусы засталіся нацыяй, ды нават
зацытаваў Лукашэнку, чым у чарговы раз вылікаў абурэнне залы, поўнай палякаў —
гаспадароў і арганізатараў сустрэчы.
(Паўлоўскі) “Вы памятаеце, як беларусы
паводзілі сябе падчас другой сусветнай вайны? Яны паводзілі сябе не як
палякі: яны сваіх
габрэяў не выдавалі, яны іх баранілі!”
Прысутныя ў зале
пачалі свісцець, стукаць па лавах ды крычыць: “Скандал!!!”
А Уладзімір
Букоўскі, як і належыць дысідэнту, пачаў ад красамоўнага анекдота, чым і
патлумачыў сваю пазыцыю:
“Сядзіць варона на дрэве з сырам у дзюбе, падбягае да яе лісіца. “Варона, ты будзеш
галасаваць за Пуціна?” Варона маўчыць. “Ну, варона, скажы толькі — так ці не”. Варона кажа: “Та-а-ак”. Сыр выпаў, лісіца збегла, а
варона сумна задумалася: “А што б было, калі
б я сказала — не?”
У расійцаў быў
такі ж выбар — паміж камуністам і асобай з
КДБ. Гэта выбары?! Паводле аналогіі, гэта тое самае, каб жыхарам ФРГ
на выбарах прапаноўвалі дзве кандыдатуры ў канцлеры — эсэсаўца ды гестапаўца”.
Фота — magazines.russ.ru