Гэта іншае: карагоды на Нямізе для мігрантаў і краты за маршы для беларусаў

Гэта іншае: карагоды на Нямізе для мігрантаў і краты за маршы для беларусаў

Масавая высадка “мігранцкага дэсанту” на беларуска-польскай мяжы пахіснула і без таго кволае становішча палітычных адносін Беларусі і ЕС. Пры гэтым пра тое, ці патрэбныя тут “транзітныя мігранты”, саміх беларусаў ніхто не спытаў.

Глядзець на тое, як у тваёй краіне рашэнні прымаюцца без твайго ўдзелу, — ці гэта не маральнае выпрабаванне?

— Канешне, гэта стала выпрабаваннем, — упэўнены аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. — Калі мы ўявім любое грамадства, не толькі беларускае, і калі там урад скажа “Слухайце, у нас ёсць класная ідэя: каб вырашыць свае палітычныя мэты — якія, дарэчы, разыходзяцца з мэтамі грамадства, — мы ператворым краіну ў транзітны лагер для бежанцаў з усяго свету”. Не шмат якія краіны вырашаць, што гэта класная ідэя. Для людзей гэта траўма, гэта сутыкненне з нейкім дзіўным. Калі я гляджу відэа з беларускай мяжы, з пункта пропуску, з мінскага аэрапорта, то з’яўляецца вось такое адчуванне: у што Лукашэнка зараз ператварае Беларусь?

Мінск і Беларусь — гэта не транзітны лагер, дзе валяць дрэвы [мае на ўвазе беспакаранае высяканне мігрантамі дрэў. — Еўрарадыё] і паляць вогнішчы на мяжы. Гэта няправільна.

Паводзіны мігрантаў выклікаюць здзіўленне ў беларускім грамадстве. Гэта і ўсходнія танцы перад Палацам спорту ў Мінску, і беспакаранае высяканне дрэў на мяжы, і варварства ў хаце гасцінных беларусаў ды шмат іншага. А для каго існуе закон аб масавых мерапрыемствах і аб незаконным знішчэнні дрэў? Напэўна, толькі для жыхароў Беларусі?

— Гэта адчуванне несправядлівасці — і гэта цалкам зразумела, — тлумачыць аналітык. — Калі ты бачыш, што да тябе ставяцца горш, чым да кагосьці іншага, прычым без нейкай справядлівай падставы, то ў цябе гэта выклікае непрыняцце гэтай сітуацыі. А хто вінаваты ў гэтай несправядлівасці? Зразумела, што вінаватыя беларускія ўлады і сілавікі, якія тут не перашкаджаюць [мігрантам. — Еўрарадыё] парушаць закон, а ў іншай сітуацыі, наадварот, перашкаджаюць [беларусам. — Еўрарадыё] цалкам рэалізоўваць законнае права на мірныя сходы.

Гэта іншае: карагоды на Нямізе для мігрантаў і краты за маршы для беларусаў
Цікава, ці атрымаў фотакар дзяржСМІ нагонку за фота, на якім на вачах у грамадскасці мігрант сячэ беларускае дрэва? / БЕЛТА

Сярод беларусаў існуе і іншае меркаванне. Маўляў, чаму б не шкадаваць мігрантаў? Людзі апынуліся ў цяжкім становішчы, у дрэнных умовах чакаюць перапраўкі на мяжы, а вы іх тут паліваеце брудам. Неадназначнасць сітуацыі выклікала шмат спрэчак паміж беларусаў.

— Заўсёды сумна назіраць, калі гэта адбываецца ў людзей, якія маюць больш агульнага, чым супрацьлеглага. Само па сабе гэта нармальна, бо гэта абмен думкамі. Калі мы ўсе будзем думаць аднолькава, гэта сумна, гэта абы-што. Але на гэта накладаецца вялікі стрэс, у якім беларусы знаходзяцца апошні год. Калектыўная траўма за 2020 год у беларусаў аграмадная.

Для мяне праходзіць мяжа, калі чалавек пачынае рабіць дэгуманізацыю. Калі ён не піша, што “ўсе гэтыя мігранты — жывёлы, нелюдзі, іх трэба забіваць”, калі чалавек да такога не скочваецца, то добра, окей, у яго проста іншае меркаванне. Нам не трэба, каб ва ўсіх была адна генеральная лінія. Увогуле, гэта частка дэмакратыі, да якой мы, можа, пакуль, на жаль, не надта прызвычаіліся. Трэба разумець, што грамадства складанае і ў ім ёсць розныя меркаванні, — падкрэслівае Вадзім Мажэйка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі