“Гэта быў выбар аднаго чалавека, які выбіраў паміж Масквой і Еўропай”

28 верасня ў Беларусі выбіралі не дэпутатаў... Насамрэч, гэта быў выбар аднаго чалавека, які выбіраў паміж Масквой і Еўропай. Такое меркаванне выказаў адзін з экспертаў, з якімі пагутарыла Еўрарадыё.

“Лукашэнка даказаў усім, што ідзе на Усход”, - кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё палітычны аглядальнік краін Усходу ў “Газеце выборчай” Вацлаў Радзівіновіч

Вацлаў Радзівіновіч: “Было зразумела, што сутнасць гэтых выбараў была не ў тым, каб выбраць “палатку”, як яе ў вас называюць... Гэта быў выбар аднаго чалавека, які выбіраў паміж Масквой і Еўропай. І ён, не дазволіўшы нікому з апазіцыянераў патрапіць у парламент, даказаў, што ідзе на Усход. Што ягоны выбар – гэта Масква”.

Ці былі гэтыя выбары адметнымі ў параўнанні з мінулымі? Палітолаг Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што яны прайшлі па старым сцэнары. Ёсць выбарчая тэхналогія, якая працуе вельмі добра ўжо 15 год. На наступных выбарах уладам увогуле не давядзецца хвалявацца пра вынікі:

“Зараз тэхналогія адпрацаваная. І я думаю, што гэта ўжо апошні раз, калі ўлады ўвогуле яшчэ неяк хваляваліся наконт вынікаў. Больш, я думаю, і хвалявацца ўжо не будуць”.

Адзінае, чым сапраўды сталі адметнымі гэтыя выбары —стала відавочна, што арганізаванай, здольнай да супраціву апазіцыі ў Беларусі няма. Вось што кажа Уладзімір Мацкевіч:

“Сапраўды больш-менш адпусцілі апазіцыйных кандыдатаў, каб яны маглі працаваць самі. Усім стала відавочна, што на сённяшні дзень апазіцыі, як арганізаванай сілы, здольнай да супраціву і змаганняў у электаральным полі, проста няма. Вось гэта змянілася – тое, што гэта стала проста відавочным”.

Спадар Мацкевіч упэўнены, што нават калі б улады зрабілі падлік галасоў яшчэ больш празрыстым, нават тады вынікі не змяніліся б. Такое ж меркаванне ў інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў і палітолаг Юрый Шаўцоў. Эксперт кажа, што вынікі выбараў адпавядаюць рэальнай вазе апазіцыі. А можа нават і занадта вялікія:

“Вынік выбараў для апазіцыі – нават тыя лічбы, якія былі названыя, яны занадта высокія для беларускай”.

Гэтыя выбары сталі больш дэмакратычнымі, чым былі раней, лічыць спадар Шаўцоў:

“Чаму? У выбарах прынялі ўдзел практычна па ўсіх акругах апазіцыйныя кандыдаты, менш выкарыстоўвалася чорных тэхналогій уладамі ў адносінах да апазіцыйных кандыдатаў. З гэтага боку яны безумоўна больш дэмакратычныя. Сам фон, на якім яны праходзілі вельмі істотна паменшыў канфліктнасць паміж уладай і апазіцыяй. А таксама паміж дзяржавай і Захадам”.

Па словах Юрыя Шаўцова Еўропе варта было б прызнаць гэтыя выбары, бо інакш беларуская апазіцыя занадта радыкалізуецца:  

“Выбары трэба прызнаваць, бо інакш нашая апазіцыя радыкалізуецца яшчэ болей, бо яны тады сканцэнтруюцца на тым, каб стаць трэцім кутом у перамовах паміж Захадам і Беларуссю”.

Але пакуль АБСЕ выбары не прызнала. Як будзе сябе паводзіць Еўропа далей, і што будуць рабіць беларускія ўлады і апазіцыя, мы ў хуткім часе пабачым.


Фота: www.ucpb.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі